Лёд на азёрах растае, але рыбакі не спыняюцца. Як не праваліцца ў ваду на зімовай рыбалцы?
Небяспека зімовай рыбалкі па апошнім лёдзе, у адрозненне ад першага, у тым, што лёд друзлы і меней трывалы. Першы лёд таўшчынёй у 10 сантыметраў вытрымлівае большую нагрузку, чым апошні паўмятровы, які набраў шмат вады.
Лёд у прыбярэжнай зоне паступова ператвараецца ў кашу і знікае. З’яўляюцца прамыіны ў месцах нават слабай плыні. Небяспечныя ўчасткі вадаёмаў, якія заняты хмызняком, чаротам – у такіх месцах лёд друзлы і нетрывалы. Інтэнсіўна растае лёд на ўчастках, залітых талымі водамі.
Холад – небяспечны вораг. Сонца прыгравае і многія рыбаловы робяцца бестурботнымі і адмаўляюцца ад цёплай адзежы. Гэта прыводзіць да абмаражэнняў і пераахаладжэнняў.
Алкаголь у любых дозах і ў любой форме непажаданы на зімовай рыбалцы. Ён падтуплівае адчуванне холаду, зніжае пільнасць рыбалова. Лепшым варыянтам “для сугрэву” будзе гарачы чай ці кава.
Вось некалькі простых правіл па бяспецы:
– не выходзіць на лёд абы-дзе, а рабіць гэта ў правераным месцы
– агледзець і прыкінуць, як можа змяніцца абстаноўка на працягу цёплага дня
– не прабіваць побач шмат лунак
– не збірацца вялікімі групамі на адным месцы
– не прабіваць лункі на пераправах
– не лавіць рыбу ў прамыіна
– мець заўсёды пад рукой трывалую доўгую вяроўку
– намеціць яшчэ з берага свой маршрут
– узяць з сабой моцную палку-пешню для праверкі трываласці лёду
– калі пасля першага ўдару пешні на лёдзе з’яўляецца вада – неадкладна ісці назад
– абавязкова трэба, каб побач быў хтосьці, хто змог бы прыйсці вам на дапамогу, калі лёд раптам пачне правальвацца пад вашымі нагамі