Замежныя прадпрымальнікі ў Гродне: “Мы не працуем, мы проста прыадчыняем дзверы”

У апошнюю нядзелю там працавала каля 30% прадпрымальнікаў. Тыя што выйшлі гандлявалi пераважна беларускім таварам. Але ёсць частка замежных прадпрымальнікаў, якая, са слоў гарадзенцаў, вядзе “брудны” гандаль.

 

Прадпрымальніца Вольга штотыдзень у панядзелак выходзіць на плошчу Леніна. Яна прапрацавала на рынку больш за 15 гадоў, але апошнія тры месяцы не выходзіць на працу – карыстаецца леташнімі фінансавымі запасамі. Яна ўжо разумее, што такімі нешматлюднымі акцыямі дамагчыся нічога не атрымаецца. Зараз жа дадатковым клопатам для яе і калег сталі замежныя прадпрымальнікі. Яна называе іх парушальнікамі і прапануе гарадзенцам байкатаваць іншаземцаў.

 

Каўказцы працуюць з зачыненымі дзвярыма. Як толькі людзі праходзяць побач, яны адразу ж прапаноўваюць тавар. Я ім кажу: “Калі б мы да вас прыехалі на Каўказ і пачалі б гандляваць у час пратэсту прадпрымальнікаў, вы ж нас усіх парэзалі б”. А яны мне ў адказ: “Мы, не выходзім працаваць, мы так проста прыадчыняем дзверцы“.

 

На Паўднёвым рынку замежнікі маюць цэлых два шэрагі. Працуюць яны разам – не прадаў адзін гандляр, другі пастараецца саступіць. У апошнія тры месяцы на двух шэрагах, занятых замежнікамі, працуе толькі некалькі кропак. На іншых, закрытых, вісяць курткі або стаяць манекены.

 

Скураныя курткі ля закрытых боксаў

 

Калі людзі праходзяць, яны бяруць за руку і праводзяць у закрыты бокс. Без куплі адтуль чалавек не выходзіць. Першы месяц пасля ўступлення ў сілу ўказа замежнікі баяліся дзейнічаць, а цяпер асмялелі. Нашы ж прадпрымальнікі на такое нелегальнае дзеянне не пойдуць, бо баяцца. А наогул, з каўказцамі лепш не звязвацца, бо яны вельмі эмацыйныя людзі. Хай імі лепш займаюцца падатковыя органы ці дзяржаўны кантроль. І даведаюцца, чаму яны так працуюць”, – кажа Вольга.

 

Хто не гандлюе, той гуляе ў карты

 

Праўда, журналісту замежныя прадпрымальнікі за дзве гадзіны хаджэння па рынку нічога не паспелі прапанаваць. У боксы не клікалі, але пільна сачылі.

 

Сітуацыю з замежнымі прадпрымальнікамі пракаментаваў загадчык рэчавога рынку “Паўднёвы” Анатоль Грудзінка.

 

З упэўненасцю не магу казаць пра іх, бо гэта не ў маёй кампетэнцыі. Я толькі магу праверыць падатак і дагавор арэнды. А якія ў іх там накладныя, мы не ведаем. Калі ў іх няма падатку і дзверы прыадчынены, то яны з’яўляюцца парушальнікамі і мы з гэтым змагаемся. А калі яны заплацілі падатак, то яны маюць права адкрываць або закрываць дзверы ў сваім ралете. Дапусцім, прадпрымальнік аплаціў падатак, і з намі ў яго ўсё добра, але ён можа баяцца іншых правяраючых органаў, якія могуць праверыць дакументы на тавар. Магчыма гэтага і баяцца прадпрымальнікі“.

 

Праверыць замежнiкаў не так проста, бо ўсе яны дзейнічаюць разам і кожны з іх хутка паведамляе ўсім пра праверку.