Мінпрацы прапанавала 3 варыянты павышэння пенсійнага ўзросту. Які абярэ Лукашэнка?
Міністр працы і сацыяльнай абароны падкрэсліла, што канчатковае рашэнне будзе прынята пасля “шырокага абмеркавання” гэтага пытання. Аднак як менавіта будзе праходзіць гэта абмеркаванне, не ўдакладніла, перадае TUT.BY.
“Я звяртаю ўвагу на тое, што гэта прапанова. Гэта першае абмеркаванне ў такім шырокім складзе на ўзроўні прэзідэнта. Таму кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што абавязкова павінна быць улічана меркаванне грамадства, вельмі важная зваротная сувязь з боку людзей, – сказала міністр. – Толькі пасля гэтага будзе прымацца канчатковае рашэнне”.
Паводле яе слоў, прапануецца пачаць павышаць пенсійны ўзрост з 1 студзеня 2017 года. Рабіць гэта будуць у некалькі этапаў. На разгляд прэзідэнта вынеслі тры варыянты.
Першы варыянт прадугледжвае выхад на пенсію жанчын у 60 гадоў і мужчын у 65. Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што гэта самы эканамічна прымальны варыянт, паколькі дае добрыя паказчыкі.
Другі варыянт быў зроблены з улікам дэмаграфічных працэсаў: выхад на пенсію жанчын у 60 гадоў, мужчын – у 63 гады. “Тут за аснову бралася перш за ўсё тое, што сёння сярэдняя працягласць жыцця жанчын складае 78,4 года, а атрыманне пенсіі – больш за 20 гадоў пасля выхаду на пенсію”, – адзначыла міністр.
“Але ўзнікае пытанне: ці можам мы сёння выкрэсліць сацыяльны аспект, нагрузку на жанчын? Ці павінна быць розніца паміж выхадам на пенсію ў мужчын і жанчын? Якая нагрузка на жанчын у хатняй гаспадарцы? Ці дасягнулі мы сёння таго ўзроўню гендэрнай роўнасці?”- працягнула Мар’яна Шчоткіна.
Зыходзячы з гэтага, трэці варыянт прадугледжвае ўвядзенне пенсійнага ўзросту з 58 гадоў для жанчын і з 63 – для мужчын.
Што тычыцца тэмпу, з якім плануецца павялічваць пенсійны ўзрост, то найбольш аптымальным з’яўляецца з крокам у паўгода. “Мы ўжо згубілі момант, калі можна было рухацца па адным ці тры месяцы. Калі мы хочам захаваць стабільнасць у дзяржаве, то сёння самы невялікі тэмп, які мы можам сабе дазволіць, – гэта 6 месяцаў. Ёсць і іншыя прапановы: 8 месяцаў, 1 год. Але 1 год – гэта вельмі жорсткі варыянт”, – сказала міністр.
У якасці аргументацыі для такой пенсійнай “рэформы” Мар’яна Шчоткіна падзялілася статыстычнымі выкладкамі: калі ў 2001 годзе суадносіны пенсіі да заработнай платы была 45%, то ў 2015 годзе было ўжо 41,7%. “Наша нацыянальная бяспека не дапушчае сітуацыі, пры якой гэтыя суадносіны апусцілася б ніжэй за 40%. Добра было б, каб павялічвалася”, – сказала міністр.
Па словах міністра, цяпер у нас 61 пенсіянер на 100 працуючых, але па прагнозах ў 2020 годзе гэтыя суадносіны будзе ўжо 66 да 100, калі нічога не рабіць, то у 2030 годзе – 78 пенсіянераў на 100 працуючых. “Ці гатовыя мы да гэтага, гатовыя мы памяншаць пенсіі? Не. Гатовыя мы павялічваць тарыфы ў Фонд сацыяльнай абароны? Не. Гатовыя кардынальна мяняць сістэму? Таксама абмяркоўвалася”, – распавяла Мар’яна Шчоткіна.
Прагучаў і адказ на пытанне, якое задаў ў пачатку нарады ўраду Аляксандр Лукашэнка: “Мы ўжо падышлі да таго сур’ёзнаму моманту, калі трэба прымаць рашэнне, ці яшчэ сітуацыя церпіць, з пункту гледжання эканомікі”.
“Ці можам мы абысціся сёння і не разглядаць павышэнне пенсіённага ўзросту? Казаць шчыра – не, – заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны. – Задача кожнай дзяржавы – гарантаваць своечасовасць і паўнату выплаты пенсій. Больш за тое, памер пенсій, а гэта дабрабыт пенсіянераў, ні ў якім разе не павінен памяншацца, а толькі павялічвацца, па меншай меры, захоўвацца ў адносінах да сярэдняй заработнай платы”.