Адно першае, два другіх, тры трэціх: вынікі гарадзенцаў на чэмпіянаце Беларусі па тайскім боксе
Нацыянальнае першынства па муай-тай па сваіх маштабах нагадвала сусветны турнір i практычна ў кожнай вагавой катэгорыі ўдзельнічалі спартоўцы, якія неаднаразова заваёўвалі прызавыя месцы на міжнародных чэмпіянатах.
Усе гарадзенскія медалісты апынуліся выхаванцамі чэмпіёна свету Дзмітрыя Варца, які таксама ўдала выступіў на чэмпіянаце.
“Адно першае, два другіх і тры трэціх месцы – такі наш вынік на чэмпіянаце Беларусi. Усе выступілі ўдала. Але вельмі крыўдна за Улада Едэшку, які сустракаўся ў фінале з чэмпіёнам свету мінулага года. Наш баец паказаў сябе вельмі годна, і на погляд многіх спецыялістаў і гледачоў быў лепшы за свайго суперніка, але чамусьці суддзі перамогу аддалі іншаму спартоўцу”, – расказаў Дзмітрый Варац на прэс-канферэнцыі 11 сакавіка.
Таксама Дзмітрый распавёў журналістам пра сваю перамогу на чэмпіянаце Беларусi, пра гарадзенскі байцоўскі клуб i чаму ён не пакідае Гродна:
Вынікi спартоўцаў гарадзенскага “Байцоўскага клуба”:
Чэмпіёнам Беларусі ў вагавай катэгорыi 67 кг стаў трэнер “Байцоўскага клуба” Дзмітрый Варац.
Срэбныя прызёры: Уладзіслаў Едэшка (юніёры, 60 кг), Аляксандра Смаленская (юніёркі, 51 кг).
Бронзавыя прызёры: Арцём Свістоў (юніёры, 63,5 кг), Яўген Валковіч (юніёры, 63,5 кг), Ягор Хрусталёў (юніёры, 67 кг).
Арсеній Мялешка саступіў суперніку ў папярэднім паядынку і не змог працягнуць барацьбу.