Прадпрымальнікі з аптовых складоў у Гродне: “Людзі дзівяцца, што ў нас такі якасны прадукт”

|

Сярод прадпрымальнікаў на рынку ходзяць чуткі, нібыта жадаючых арандаваць крамы-склады столькі, што ўсё не ўлезуць у залу, дзе будзе праводзіцца аўкцыён.

 

Дату аўкцыёну пакуль не абвяшчаюць. Загадчык рынку “Паўднёвы” Анатоль Грудзінка імкнецца не спяшацца: “Склады неўзабаве адкрыюцца, мы падаграваем апетыт і вывучаем попыт. Мы гатовыя правесці аўкцыён хоць зараз, але нам важна мець максімальныя цэны. Магу сказаць, што сёння да нашых плошчаў цікавасць у прадпрымальнікаў вельмі вялікая“.

 

Гэта ўжо другі комплекс будынкаў, уведзеных у эксплуатацыю на рынку. Першыя восем павільёнаў арандатары занялі ў чэрвені 2015 года. Праўда, у час нашага візіту, працавалі толькі два з іх.

 

 

Прадпрымальніца Тамара гандлюе ў такім павільёне з самага адкрыцця. І калі да пачатку 2016 года справы ішлі ўгару, то ў новым годзе пачаўся сур’ёзны спад. Тавар тут увесь гарадзенскі і з усімі дакументамі, але мясцовыя прадпрымальнікі ў яе не купляюць. Кропка Тамары разлічана на пакупнікоў з іншых гарадоў Беларусі.

 

Пасля Новага года кліентаў практычна няма. Ніхто не прыязджае і ніхто нічым не цікавіцца. Заказваюць тавар толькі тыя, хто ўжо даўно з намі супрацоўнічае, а гэта невялікія крамачкі па Беларусі. Продажы 2015 года значна адрозніваюцца ад цяперашніх. Людзі, якія прыходзяць да мяне, скардзяцца, што ў іх няма грошай нават на жыццё, не кажучы пра тавар. Што будзе ў будучыні складана сказаць“, – кажа прадпрымальніца.

 

Алег, сусед Тамары, наадварот, не скардзіцца на крызіс, і кажа, што ўсюды трэба шукаць толькі станоўчыя моманты.

 

Хто захоча, той будзе працаваць. Мы з жонкай не скардзімся. Тавар у нас беларускi, якасны i з дакументамi. Мы працуем амаль год. Прыязджаюць закупацца крамы з усёй Беларусі, таксама прыватныя прадпрымальнікі. Мы працуем у тым напрамку, у якім улада хоча прымусіць працаваць усіх. Крызіс нас, можна сказаць, не крануў, бо мы да яго падрыхтаваліся. Хто браў тавар у 2015 годзе, той і бярэ ў 2016″, – распавёў Алег.

 

Да маладога прадпрымальніка звяртаюцца кліенты, якія хочуць працаваць легальна. Ён лічыць, што да перабудовы рынкаў можна было падрыхтавацца загадзя, але прадпрымальнікі чакалі цуду і думалі, што пранясе.

 

Усіх прадпрымальнікаў нельга вінаваціць. Многія пацярпелі з-за таго, што дзяржава не прапанавала ім альтэрнатывы. Цяпер ім складана знайсці тавар з дакументамі. Нам пашанцавала, у гэтым напрамку мы працуем ужо амаль год. У нас усё па дакументах. Сумленна скажу – беларускі тавар не горшы за прывазны. Мы калі выязджаем у раёны, то людзі дзівяцца, што ў нас такі якасны прадукт“.

 

Алег бачыць вырашэнне праблемы прадпрымальнікаў у тым, каб стварыць у Гродне вялікі аптовы рынак. З яго слоў, буйныя беларускія прадпрыемствы не могуць прадаваць дробным прадпрымальнікам па 5-10 сукенак, яны даюць адразу па некалькі сотняў. Акурат гэта не задавальняе многіх. Алег лічыць, што калi працаваць па дакументах, то дапаможа толькі аптовы рынак.