Жывая бібліятэка “Сямейны фотаальбом” пройдзе ў Гродне

|

Мінулагодняя Жывая бібліэтка была прысвечана гісторыям пра жыццё ў 30-50-х гадах ХХ-га стагоддзя, летась мы запрашаем даведацца пра жыццё людзей у нашай краіне ды за яе межамі праз пяць сямейных гісторый “жывых кніжак”.

 

“Жывыя кнігі” дзяліліся сваімі ўспамінамі пра 30-50-я гады

 

Найлепшы спосаб дазнацца пра сапраўдную гісторыю чалавецтва — праз асабістыя гісторыі сведкаў свайго часу. На Жывой бібліятэцы вы зможаце адшукаць адказы на цікавыя ды важныя пытанні:

 

Як жылося ў Гародні ды ваколіцах у пасляваенны час?

Як беларуска нарадзілася і пражыла дзяцінства ў Паўночнай Карэі?

Як можна было пражыць жыццё, хаваючы сваё сапраўднае імя ды паходжанне?

Наколькі трывалым можа быць каханне?

Чаму можа навучыць нас досвед адной сям’і?

 

Калі: 19 сакавіка, 12.00

Дзе: Гродна, Будзёнага 48а, аўдыторыя 200

Уваход вольны

 

Што будзем рабіць?

 

Пачуем жывую гісторыю ад сведкаў. Спраўдзім разам, што мы ведаем пра розныя часы, краіны ды асобаў, як успрымаем сталых людзей і іх успаміны пра мінулае. Задумаемся пра тое, што вынесем з гісторыі для сучаснасці.

 

Як гэта працуе?

 

Жывая бібліятэка – гэта незвычайная бібліятэка. Замест звыклых кніг тут выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якімі яны гатовы падзяліцца з чытачамі.

 

Прынцып працы Жывой бібліятэкі такі самы, як і ў звычайнай: “чытачы” прыходзяць, запаўняюць “бібліятэчную картку”, выбіраюць “кнігу” і “чытаюць” яе на працягу пэўнага часу. Больш пра спецыфіку фармата можна прачытаць тут.


Хто арганізоўвае?

 

Жывая бібліятэка зарганізаваная Цэнтрам міжпакаленчага паразумення, які працуе на базе праграмы “Універсітэт Залатога Веку”, накіраванай на павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю.


Праект “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу” рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і прафінансаваны Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.

Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.