Хакеісты “Нёмана” чарговы раз прайгралі, але шанец працягнуць барацьбу яшчэ маюць

|

Гарадзенцам давялося выходзіць на лёд без свайго лідара Вячаслава Лісічкіна. Форвард “Нёмана” атрымаў сур’ёзную траўму ў трэцім матчы паўфіналу. Акрамя гэтага склады каманд перад гульнёй былі нязменнымі.

 

Першы перыяд застаўся за гаспадарамі, хоць і супернік паказаў гульню не горш за “Нёман”. На 5-й хвіліне Рохтла, пасля кідка Пульвера, удала падставіў клюшку і адкрыў лік.

 

Старт другога перыяду застаўся за “Юнацтвам”. Госці здолелі забіць хуткую шайбу. І праз пяць хвілін закінулі яшчэ адну і тым самым выйшли наперад. У “Нёмана” момантаў было звышдастаткова, але, як і ў папярэдніх матчах, гарадзенцы не рэалізоўвалі свае шанцы. Толькі на 35-й хвіліне Аляксандр Маляўка рэалізаваў булiт, які сам зарабіў.

 

На трэці перыяд каманды выходзілі пры роўным лiку на табло. Чырвона-чорныя спрабавалі больш атакаваць і гулялі часцей у большасці, але шайба не ляцела ў вароты мінчан. А вось у адным з момантаў у “Юнацтва” шайба здолела заляцець у вароты Саманькова. За 10 хвілін да канца сустрэчы Развадоўскі вывеў сваю каманду наперад і паставіў кропку ў матчы.

 


“Нёман” – “Юнацтва” 2:3 (1:0, 1:2, 0:1)

 

Галы:

04.15 1: 0 – Рохтла (Сэман, Пульвер, – бол.)
22.36 1: 1 – Парфеявец (Чэрны, Яфіменка)
27.48 1: 2 – Чэрны (Парфеявец, Яфіменка)
34.47 2: 2 – А. Маляўка (штрафны кідок)
49.59 2: 3 – Елісеенка (Міхно, Развадоўскі)

 

Лік у серыі (да 4-х перамог): “Юнацтва” – “Нёман” 3:1. Серыя пераязджае ў Мінск. Пяты матч адбудзецца 17 сакавіка.

 

 

Пасля паразы Мілаш Голань пракаментаваў гульню сваёй каманды, а галоўны трэнер “Юнацтва” Мiхаiл Захараў паабяцаў зладзіць у сталіцы сюрпрыз “Нёману”.

 

Голань: “Цяжка знайсці словы пасля такой гульні, калі мы цалкам адпрацавалі, і няма прэтэнзій да гульцоў, але ў некаторых момантах не хапае майстэрства. Напрыклад, у трэцім перыядзе, калі гулялі паўтары хвіліны 5 на 3. Гулялі выдатна, змагаліся, біліся, але прайгралі зноў. Я заўсёды думаю пазітыўна, надзея памірае апошняй. Будзем рыхтавацца, змагацца. Адну гульню мы ў сталiцы выйгралі. Верым у свае сілы і перамогу. Калі зробім усё на сто асодкаў, веру, што можам вярнуць серыю ў Гродна”.

 

Мілаш, чым так эмацыйна незадаволены быў Міхаіл Захараў?

 

“Я гэтага чалавека наогул не разумею: што ў яго адбываецца ў галаве і яго стаўленне да людзей. Я чуў пра яго, але мяне гэта не цікавіць, я працую ў клубе “Нёман”. Можа, ён незадаволены жыццём і так кажа, я не ведаю, гэта яго праблемы. Гэта спорт, эмоцыі, але трэнер прадстаўляе клуб і павінен трымаць сябе ў руках. Лепш спытаць у яго, якія ў яго прэтэнзіі да нашай каманды”.