Чаравічкі расцвілі кветкамі: як дызайнерка з абутковай фабрыкі “Нёман” на пенсіі займаецца жывапісам
Малюнкі ў кватэры мастачкі паўсюль. І кожны з іх – частка жыццёвага шляху і досведу
Цікавае пачынаецца з простага, але шлях да яго складаны
“Жыццё ад пачатку складвалася няпроста, – расказвае Ганна, – мама памерла, калі мне было чатыры гады, мяне забрала ў Мінск яе сястра, што не мела ўласных дзяцей”. Там Ганна вучылася ў школе і хадзіла ў Дом піянераў – грала на домры. Думала звязаць жыццё з музыкай, але не паступіла ў музвучэльню. Дзеля таго, каб працягваць заняткі музыкай, кіраўнік ансамбля з Дома піянераў прапанаваў паступіць у тэхнікум лёгкай прамысловасці, дзё ён кіраваў самадзейнасцю.
Хаця прафесія аказалася далёкай ад музыкі, у жыцці знайшлося месца і ёй. Пад час працы на абутковай фабрыцы Ганна Чуканава спявала ў самадзейным хоры прадпрыемства
“У той час я нават не ведала, хто такі мадэльер, – распавядае Ганна, – але добра здала іспыты, атрымала высокі бал па малюнку і паступіла”. Дзённага аддзялення ў тэхнікуме не было, навучанне сумяшчалі з працай. Спачатку – працоўная змена на абутковай фабрыцы, потым – бягом на заняткі. “Лёгка не было – на руках увесь час мазалі, і пальчаткі не ратавалі”, – успамінае мастачка. Але менавіта спалучэнне працы з навучаннем пазнаёміла з тэхналогіяй вырабу абутку і дазволіла ўсведамленне сябе ў прафесіі.
Прыехалі ў Гродна “вялікімі спецыялістамі”
Пасля вучэльні ў 1962 годзе Ганну скіравалі працаваць на абутковую фабрыку ў Гродна. “Прыехалі сюды з сяброўкай і нас адразу паставілі працаваць мадэльерамі, хаця мы мелі толькі па 20 гадоў. Пасля тэхнікума нас лічылі “вялікімі спецыялістамі”, – расказвае Ганна.
Мадэльеры абутковай фабрыкі за абмеркаваннем новай калекцыі. Здымак з асабістага архіва Ганны Чуканавай, 60-я гады
Ва ўмовах вытворчасці мадэльер гэта не проста той, хто выдумляе і малюе. Трэба было даводзіць свае мадэлі да практычнага ўвасаблення ў матэр’ялах і тэхналогіях. “Часам хацелася нешта яшчэ дадаць, дэкор які ці шоў, але на лініі абмежаваная колькасць працоўных месцаў і трэба было пад гэта адведзеную колькасць аперацый прыстасоўвацца”, – расказвае Ганна.
Той час яна ўспамінае як вельмі багаты на творчыя пошукі. Фабрыка прадукавала каля 25 000 пар абутку штодзённа, працавала 17 патокаў. Распрацоўка і змена мадэляў ішлі пастаянна.
Эскізы абутку мадэльера Ганны Чуканавай
Працу гарадзенскіх мадэльераў добра ацэнівалі мастацкія саветы, за яе “галасавалі рублём” пакупнікі на ярмарках і выставах у Маскве і Прыбалтыцы, у Гродна прыязджаў мадэльер з Германіі – разам распрацоўвалі мадэлі мужчынскага абутку, які потым шылі ў Гродне.
Спецыялізацыяй Ганны на вытворчарсці быў мужчынскі абутак
Пенсія – час вучыцца нанова
У гэты час Ганна таксама спалучала працу з навучаннем – скончыла Маскоўскі інстытут тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці. “Малюнак, спецкампазіцыя, жывапіс – нас усяму вучылі”, – прыгадвае яна. Але часу на творчасць “для душы” не ставала – увагі патрабавалі праца і сям’я. Малявала чаравікі, старалася зрабіць так, каб “людзям падабалася”.
Старонка з савецкага часопіса з артыкулам “На радасць мільёнам”, пра мадэльераў гарадзенскай абутковай фабрыкі. Ганна Чуканава – другая па левай, з чаравічкам у руках
Ганна таксама насіла гарадзенскі абутак і для сваёй сям’і аддавала перавагу мясцоваму. Можна было набываць свае мадэлі, што вырабляліся ў эксперыментальным цэху, яшчэ да пастаноўкі на лінію.
Эскіз спартыўнага абутку ганны Чуканавай, пачатак 90-х. Прапанаваная мадэль не дайшла да вытворчасці, але вельмі нагадвае модныя зараз красоўкі-“снікерсы”
Узгадаць жывапіс наважылася толькі пасля выхаду на пенсію. “У 65 гадоў нанова пачала вучыцца маляваць, – усміхаецца мастачка, – спачатку па-трошку, а зараз многа пішу”. Узгадвае яна і заняткі ў тэхнікуме – працу з тушшу ці акварэллю. Кажа, што часам хочацца пісаць акварэллю як алеем, хаця гэтаму і не вучылі і гэта лічыцца не зусім правільным.
Вясковыя краявіды – адна з любімых тэмаў мастачкі і ўспамін пра дзяцінства
Кветкі – найлепшая практыка жывапісу
Ганна расказвае, што любіць кветкі – простыя, “не арыстакратычныя”. Шкадуе толькі, што тыя хутка адцвітаюць. Прадоўжыць іх жыццё дазваляюць карціны. Да таго ж, кветкі – ці не найлепшы спосаб удасканальвання тэхнікі: “Трэба прадумаць кожны пялёстак, на кожнай кветцы новаму вучышся”. Вось бэз, напрыклад – мноства кветачак, і кожную трэба прадумаць, ці рамонкі – яны белыя, колер трэба перадаць праз цені – так набываецца досвед.
Кветкі – найлепшая практыка для ўдасканальвання тэхнікі пісьма, мяркуе Ганна Чуканава
Зараз карціны для яе гэта яшчэ адна магчымась узгадаць жыццёвыя шляхі, пераасэнсаваць свой досвед. “Дарогу хацелася пісаць, бо увесь час у дарозе” – паезкі і падарожжы пакідалі адбітак у сэрцы. Хацелася пра іх расказаць.
Часта карціны – спосаб узгадаць уласныя жыццёвыя дарогі і выпрабаванні
Ці коні – яны звязаны з успамінамі дзяцінства – калі на канікулы прыязджала ў вёску, разам з дзесяткам братоў і сясцёр бавілі час на лузе, вадзілі коней на рэчку ці ўначы сядзелі ля вогнішча, пакуль тыя пасвіліся.
“Можа коні хочуць піць…” – разважае мастачка над сваёй карцінай
Пра дзіцячыя гады ў вёсцы нагадваюць і вясковыя хаты, дзе побач сена, і палявыя кветкі. За кожным вобразам для мастачкі паўстае сваё “другое дно” – можа, тыя коні нясуцца, бо хочуць піць, ці кветку вадаруюць ад гарачыні летняга полудня. Настрой карцін, мяркуе мастачка, заўсёды ідзе ад успамінаў, ад уласнага досведу.
Хаця дзяцінства на вёсцы было бедным, успаміны з таго часу заўсёды светлыя – з утульнасцю вясковай хаткі, бабулінай пяшчотай, сонцам і палявымі кветкамі
У пейзажах Ганну Чуканаву вабяць найперш хуткаплынныя і непаўторныя моманты: “Сонца сядае – гэта толькі тут і зараз, больш такога не пабачыш”. Добра, што можна “злавіць” момант фотаапаратам, а пасля пад час малявання ізноў перажываць тыя пачуцці.
Фотаапарат дапамагае злавіць момант, а жывапіс – затрымаць яго настрой
Крыніцы творчасці – паўсядзеннасць і мастацтва
Натхненне прыходзіць, з яе словаў, часам ад вельмі простых рэчаў, здавалася б, не звязаных з мастацтвам наўпрост – шчырая ўсмешка незнаёмага чалавека на вуліцы, ветлівае стаўленне ў тралейбусе – і вось – з’явіўся настрой, што патрабуе мастацкага ўвасаблення ў светлыя вобразы.
Цеплыня з пабытовых момантаў пераходзіць у карціны. Шчырая усмешка незнаёмага чалавека на вуліцы можа стварыць настрой, якім хочацца падзяліцца праз жывапіс, мяркуе сталая мастачка
Яшчэ адна крыніца творчасці – выставы і працы мастакоў. “Ёсць работы з асобай філасофіяй, непаўторным аўтарскім адчуваннем колераў, – узгадвае Ганна і усміхаецца, – у мяне пакуль не заўсёды так атрымліваецца”. Але нават маленькія крокі ў мастацве – гэта таксама мастацтва, спосаб пражываць і асэнсоўваць сваё жыццё і свой час, даць магчымасць іншым адчуць насторой і момант, што ўзрушылі ўласную душу.
Пад “майстэрню” адведзены пакой у кватэры Ганны. Тут нараджаюцца яе карціны
Жыццё як праца і колеры
Зараз разам з іншымі мастакамі з аб’яднання “Гарадзенскі каларыт” Ганна ўдзельнічае ў выставах, дэманструе свае працы на гарадскіх святах і ў галерэях. У красавіку ў Доме рамёстваў адбудзецца выстава, дзе будуцьпрадстаўлены працы Ганны Чуканавай, надалей мастачка разам са сваёй вучаніцай, псіхолагам Кацяй Бучай плануюць зарганізаваць сярод мастакоў акцыю ў падтрымку Дзіцячага хоспіса. “Напэўна, кожны мастак можа ахвяраваць нешта са сваіх прац для дабрачыннага продажу, каб скіраваць сродкі для хворых дзяцей”, – мяркуюць яны.
Жыццёвы шлях такім чынам працягваецца ў карцінах, а сталы досвед перажываецца ў кожнай працы нанова. “Напэўна, у кожнага некалі ўзнікаюць думкі, што лепш бы працаваць менш, і каб грошай было паболей, – кажа Ганна, – але мне здаецца, што без цяжкай працы з цябе чалавека не атрымаецца”. І зараз мастацва для яе стала такой працай і гэта як магчымасць дадаць колераў ва ўласнае жыццё, жыць напоўніцу, не зважаючы на гады.
Здымкі аўтаркі і з асабістага архіва Ганны Чуканавай