У сакавіку гарадзенцы атрымаюць жыроўкі пазней, а тэрмін аплаты падоўжаць да 1 красавіка

|

Аплату лютаўскай жыроўкі плануецца прадоўжыць да 1 красавіка. “Мы думаем, што прадоўжым перыяд аплаты для насельніцтва да 1 чысла наступнага месяца без спагнання пені і штрафу”, – паведаміў міністр. За студзень, калі тарыфы былі выстаўлены няправільна, будзе праведзены пераразлік, а налічэнні за люты будуць праводзіцца ўжо з улікам зацверджаных тарыфаў.

 

Новыя тарыфы былі зацверджаны Прэзідэнтам 14 сакавіка, пасля разгляду іх працоўнай групай, сфарміраванай з прадстаўнікоў урада, КДК, Адміністрацыі Прэзідэнта, аблвыканкамаў. У выніку працы групы было ўстаноўлена, што “прынцыпова ёсць магчымасць зніжэння тарыфаў па такіх паслугах, як водазабеспячэнне – на 41,5%, водаадвядзенне – на 55,1%, тэхабслугоўванне ліфта – фактычна на 30%”.

 

Міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў паведаміў, што гэтыя тарыфы застануцца нязменнымі да канца года, а выгляд жыроўкі пастараюцца спрасціць і зрабіць зразумелым для карыстальнікаў, каб кожны змог праверыць паказанні, якія выстаўляе жыллёва-эксплуатацыйная арганізацыя.

 

Паралельна ва ўрадзе рыхтуецца нарматыўны дакумент, што будзе прадугледжваць дапамогу грамадзянам у выпадках, калі іх затраты на ЖКП перавысяць 15% і 20% даходу у сельскай і гарадской мясцовасці адпаведна.

 

Таксама Аляксандр Церахаў адзначыў, што зараз Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі суместа з Камітэтам дзяржаўнага кантролю распрацоўваюць механізмы прыцягнення да адказнасці недобрасумленных плацельшчыкаў, якія скажаюць рэальныя паказчыкі лічыльнікаў.