Федэрацыя пакарала Захарава штрафам. “Нёман” таксама адкажа за непрыстойныя паводзіны заўзятара
У самым канцы матчу ў Гродне паміж хакеістамі каманд пачаліся сутычкі. У той жа час канфлікт адбыўся і на сектары з фанатамі “Юнацтва”, дзе, па заяве прадстаўнікоў мінскай каманды, у гасцей ляцелі бутэлькі ад гарадзенскіх заўзятараў.
На наступны дзень федэрацыя хакею Беларусі разгледзела ўсе інцыдэнты: як падчас матчу, так і пасля яго.
На падставе дакладу інспектара матчу і вывучэння матэрыялаў СМІ дысцыплінарны камітэт прыняў рашэнне за выказванні Міхаіла Захарава адносна судзейства, а таксама за непавагу да ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі і пагрозы ў адрас галоўнага трэнера “Нёмана” і гульцоў каманды накласці на “Юнацтва” спартыўны дысцыплінарны штраф у памеры 70 базавых велічынь.
Таксама федэрацыя разгледзела інцыдэнт з заўзятарамі “Нёмана” на трыбунах. Гарадзенскі клуб аштрафавалі таксама на 70 базавых. Да таго ж за непрыстойныя паводзіны Мілаша Голаня на прэс-канферэнцыі “Нёману” вынесена спартовае папярэджанне. Кіраўніцтва клуба праінфармавана аб тым, што ў выпадку паўторнага парушэння патрабаванняў Рэгламенту па бяспецы пры правядзенні “хатніх” матчаў “Нёман” пакараюць матчам з абмежаванай колькасцю гледачоў.
На падзеі апошняга матчу адрэагавала і кіраўніцтва гарадзенскага Лядовага палаца, якое лічыць, што прадстаўнікі “Юнацтва” часам самі правакавалі гарадзенцаў на канфлікт. У прыклад прывялі матчы з “Дынама-Маладзечна”, дзе ўсё прайшло ў межах правіл.
Што тычыцца інцыдэнту, якi адбыўся на матчы, Лядовы інфармуе, што дзякуючы аператыўным дзеянням супрацоўнікаў праваахоўных органаў, асобу парушальніка высветлілі і склалі на яго адміністрацыйны пратакол.
Фанаты “Нёмана” спадзяюцца, што інцыдэнт не адаб’ецца на станоўчым іміджы каманды.
“Заўсёды хапае правакатараў каля гасцявога сектара. Сам не адзін дзясятак разоў сутыкаўся з правакацыямі ў гасцях. Не ведаю, хто быў першым у гэтым канфлікце, не бачыў, не прысутнічаў пры гэтым, але адно скажу – заўзятары і некаторыя фанаты “Юнацтва” вельмі рэдка наведваюць наш Гродна, але ўсе тыя пяць разоў, калі я гэтых бравых хлопцаў бачыў на нашай арэне, заўсёды былі нейкія канфлікты. Наконт Міхаіла Міхайлавіча скажу так – гэты чалавек вельмі імпульсіўны, але гэта не дае яму права так паводзіць сябе і так размаўляць з людзьмі“, – адзначыў лідар гарадзенскага фан-руху Сяргей Емяльянаў.
Калі “Нёману” атрымаецца 17 сакавіка годна выступіць і абыграць “Юнацтва”, то серыя зноў вернецца ў Гродна. Толькі заўзятарам прыйдзецца сутыкнуцца з чарговай праблемай – дбайным кантролем праваахоўных органаў.