Пяць прычын прачытаць кнігу “Літва-Беларусь” Язэпа Лёсіка

|

Тэмы прэзентаванага выдання, як кажуць, “вечныя”: Што такое Літва? Дзе яна была і хто ў ёй жыў? Хто мае права на яе спадчыну? Сустрэча месцамі ператваралася ў акадэмічную лекцыю выдаўца Зміцера Санька, філолага Алеся Жлуткі ды археолага Генадзя Семенчука.

 

Але што вартага маглі б знайсці нашыя сучаснікі ў працы пра “Літву-Беларусь” 1921 году? Ёсць жа, здаецца, больш грунтоўныя пазнейшыя даследванні – Пануцэвіча, Ермаловіча, Краўцэвіча ды шматлікіх іншых гісторыкаў.

 

Давайце па чарзе…

 

 

 

Упершыню – Літва

 

Язэп Лёсік адным з першых сярод беларускіх навукоўцаў уздымае пытанне Літвы і кола звязаных з ёй праблемаў: гістарычных, філалагічных, палітычных… Хто ведае, калі б канцэпцыю ліцвінаў-беларусаў узяло на ўзбраенне тагачаснае міністэрства асветы БССР, як выглядала б беларуская гістарычная навука?

 


Загадкавы лёс – артыкул няскончаны

 

Аснова кнігі – артыкул Лёсіка ў часопісе “Школа и культура Советской Белоруссии”, які быў адрасаваны беларускім настаўнікам і настаўніцам. Напрыканцы ў дужках стаіць шматабяцаючае “Канец будзе”, але гэты канец будуць дапісваць ужо іншыя гісторыкі: у тым жа 1921-м Лёсіка ў чарговы раз арыштавалі. Навуковец гэтым разам выйшаў на свабоду, але з навуковымі кірункамі, магчыма, меў быць ужо больш асцяроным.

 


Не збаяўся палітычнага аспекту

 

Тым не менш, сам артыкул і высунутыя ў ім тэзы гучаць калі не рэвалюцыйна, дык вельмі смела. Лёсік не збаяўся закрануць палітычны бок пытання і давесці, што гістарычная Літва – гэта і ёсць Беларусь, а зусім не суседняя Летува. За памочнікаў вучоны ўзяў сабе дадзеныя філалогіі, этналогіі ды гералдыкі.

 

 

Люціч-Воўк-Філістовіч…

 

Укладальнікі кнігі далучылі ў якасці “бонуса” тэкст “Наш адказ” за аўтарствам “Люціча-Воўка”. Ён быў надрукаваны ў парыжскім беларускім часопісе “Моладзь” у 1949 годзе, а за псеўданімам хаваўся Янка Філістовіч, больш вядомы як адзін з беларускіх “лясных братоў” паваеннага часу. Тут шмат хто, магчыма, упершыню зверне ўвагу на Філістовіча як на тэарэтыка і гісторыка, а не выключна героя-дыверсанта.

 

 

Сын прускага караля і… Гродна

 

У пасляслоўі да кнігі класічнага філолага Алеся Жлуткі фігуруе чарговая цікавая версія паходжання Літвы. У хроніцы прускага біскупа Хрысціяна ХІІІ назоў “Літва” выводзіцца ад імя сына легендарнага прускага караля Вудавута Літво, які атрымаў ад бацькі ва ўладанне землі паміж Нёманам і Бугам. Там ён паставіў замак Гарта, ад якога пазней і пайшла – Горадня, цэнтр гістарычнай Літвы.