У Беларусі забаранілі… нешта. Магчыма, Skype і Viber
У Беларусі згодна з указам Лукашэнкі ад 15 сакавіка «Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі» створаная сістэма процідзеяння парушэнням парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі, паведамляецца на Pravo.by. Дакумент набудзе сілу праз 6 месяцаў з дня публікацыі.
Дакумент вызначае, што карыстальнікам паслугаў электрасувязі (маецца на ўвазе і інтэрнэт) забараняецца «ўжываць праграмныя і тэхнічныя сродкі, якія ў сукупнасці выкарыстоўваюцца для пераўтварэння пратаколу абмену звесткамі, па якім перадаюцца галасавыя і іншыя паведамленні электрасувязі ад абанента, які робіць выклік, і перадачы гэтых паведамленняў абаненту, як прымае выклік, з выкарыстаннем абаненцкіх нумароў, якія не належаць абаненту, які робіць выклік».
У Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце, які ўказам забавязаны каардынаваць забарону, карэспандэнту Свабоды заявілі, што не ўпаўнаважаныя каментаваць указ, і параілі чакаць прэс-рэлізу на сайце ААЦ ці высылаць пісьмовы запыт, на які абавязаныя адказаць цягам месяца.
Верагодна, пад такімі сродкамі маецца на ўвазе IP-тэлефанія — такі спосаб сувязі, калі праз пэўныя праграмы можна тэлефанаваць з камп’ютара ці смартфона на звычайныя гарадскія і мабільныя нумары (што выходзіць звычайна танней, асабліва пры міжнародных выкліках).
Пад азначэнне ва ўказе падпадаюць і праграмы накшталт Skype і Viber, якія дазваляюць за плату тэлефанаваць на гарадскія і мабільныя нумары (а таксама бясплатна — між двума і болей карыстальнікамі праграм). Што цікава, іншы закон дазваляе весці допыты праз Skype ці Viber.
Таксама да апісанага падобныя сервісы адпраўкі SMS з сайтаў аператараў (такія маюць МТС, velcom і life:)), да незаконных могуць быць прылічаныя і крыптастойкія мэсэнджары, якія перадаюць паведамленні па пратаколах, якія цяжка ўзламаць (Telegram, CryptoCat, Signal…). Пры жаданні пад азначэнне можна падвесці і ананімайзэры, і так забароненыя ў Беларусі як сродкі доступу да забароненых сайтаў.
Пры выяўленні парушэнняў абаненту будуць прыпыняць аказанне паслуг, блакаваць пропуск трафіку тэлефаніі паводле IP-пратаколу (калі аператар не заблакуе — гэта будзе грубым парушэннем заканадаўства аб ліцэнзаванні), а незаконная дзейнасць «пацягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі». Аператар мае права запытаць у абанента тлумачэнні па пытаннях парушэнняў і рабіць тэставыя выклікі на падазроныя нумары.
Нацыянальны цэнтр абмену трафікам забяспечыць стварэнне і эксплуатацыю «забарончага» комплексу, паведамленні аператарам пра парушэнне парадку пропуску трафіку і прыняцце мер па выяўленні і спыненні парушэнняў правіл.
Арганізацыі і фізічныя асобы мусяць бясплатна аказваць НЦАТ судзеянне ў гэтым. Аператары ж абавязаныя інтэгравацца з праграмным комплексам НЦАТ, заключыць дамовы на платны доступ да яго і паведамляць у НЦАТ пра выяўленыя парушэнні.
Фота: unsplash.com/alejandroescamilla