Гарадзенскі скульптар Казімір Місюра стварыў фігуру Хрыста ў чалавечы рост для бабруйскага касцёла

Спадар Казімір дагэтуль не можа зразумець, як у кагосці хапіла “нездаровай смеласці”, каб спахабіць бабруйскі касцёл, які пасля савецкай перабудовы ўжо не нагадвае сакральны аб’ект. Таму і інтэр’еры ў касцёле Беззаганнага Зачацця трэба было рабіц наноў. Прыкладна паўгода таму мастак зрабіў для храму скульптуру Багародзіцы, зараз – Хрыста.

 

 

На працу ў разьбяра пайшло амаль шэсць месяцаў. Аснова скульптуры выразаная з ліпы, для асобных здымных элементаў выкарыстаныя і іншыя пароды: напрыклад, жазло ў левай руцэ Збаўцы зроблена з арэху, больш гнуткага і пластычнага матэрыялу. Фігура будзе яшчэ фарбавацца: аблачэнне стане белым, плашч чырвоным, а жазло пакрыюць пазалотай.

 

 

– Калі працуеш паўгода, – распавядае спадар Казімір, – хапае часу і паглядзець на сябе па-іншаму, і перадумаць шмат якія рэчы. Я ж, бывае, працую і па 16 гадзін…  Духоўны фільтр такі, у пэўным сэнсе, рахунак сумлення. Таму, дзякую Богу за такую мажлівасць!


 

Свой сантымент да Бабруйску мастак тлумачыць двума момантамі: па-першае, тамтэйшыя ксяндзы звярнуліся да пробашча гарадзенскай Фары Яна Кучынскага, каб параіў майстра – так на яго і выйшлі. Па-другое, спадар Казімір некалі вучыўся ў бабруйскай мастацкай вучэльні і быў шчаслівы зноў папрацаваць для гораду, “дзе усё пачалося”.

 

 

Фота: Вольга Мілава