Польскі міністр замежных справаў наведае Ваўкавыск, адкуль паходзіць яго маці
“Маці міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага паходзіць з Ваўкавыску. Там жыла да вайны ейная сямʼя, а дзед міністра працаваў на пошце. Пасля вайны сямʼя была вымушаная выехаць у Пётркаў-Трыбунальскі. Падчас свайго візіту ў Беларусь 21-22 сакавіка кіраўнік польскай дыпламатыі наведае горад сваіх продкаў. Інфармацыяй пра гэта палітык пачаў сваё спатканне з прадстаўнікамі беларускіх эміграцыйных арганізацыяў”, – напісаў у сваім акаўнце ў Facebook рэдактар “Белсату” Сяргей Пеляса.
У канцы лютага Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што хоча прыехаць у Беларусь на аўце, наведаць Мінск і “месцы, дзе жывуць палякі”.
“Я лічу, што Беларусь зʼяўляецца нашым суседам, з якім трэба нармалізаваць стасункі, якія дагэтуль, можа, не напружаныя, але неадрэгуляваныя і нестабільныя”, – заявіў кіраўнік польскага МЗС.
Ён дадаў, што хоча наведаць у Беларусі родны горад сваёй маці, але дакладна не было вядома, якое месца маецца на ўвазе. Пра канкрэтную дату візіту міністр таксама першапачаткова не паведаміў.
Фота: Radek Pietruszka, PAP