Гарадзенская студыя бясплатна распрацавала сучасны сайт для музея Багдановіча

|

На музеі спыніліся не адразу

 

Мы абмяркоўвалі планы студыі на 2015 год, у тым ліку звязаныя з маркетынгам. Наш маркетолаг Таццяна Рысева прапанавала стварыць праект, які пакажа магчымасці нашай студыі. Таму мы вырашылі бясплатна распрацаваць сайт, які акрамя ўсяго іншага прынес бы карысць гораду i беларускай культуры“, – распавядае дырэктар студыі Глеб Койпіш.

 

Адным з умоў супрацоўніцтва было тое, што за iквадартаўцамi заставалася апошняе слова ў прыняцці рашэнняў па дызайне і тэхнічнай частцы. На сайце для музея Багдановіча студыя спынілася не адразу – было яшчэ некалькі варыянтаў, але пасля ўзважвання ўсіх “за” і “супраць” распрацоўшчыкі выбралі менавіта музей.

 

Верагодна, “Пагоня” і “Слуцкія ткачыхі”, якія яшчэ са школьных часоў засталіся ў памяці, адыгралі сваю ролю. Дарэчы, сустракаліся арганізацыі, якія з недаверам ставіліся да ідэі стварэння бясплатнага сайта і казалі: “Дзякуй, у нас і так усё добра“.

 

Больш за 400 гадзін працы

 

Праект па музеі Максіма Багдановіча стартаваў амаль год таму. Для пачатку камандзе трэба было сфармаваць кантэнт, каб вакол яго будаваць сайт.

 

Не ведаю, праца колькіх менавіта супрацоўнікаў стаіць за плячыма Алесі Саўчук і Алены Рапінчук, але атрымалі кантэнт мы менавіта ад іх. Яны зрабілі вялікую працу. Адзінкі кампаній, з якімі мы супрацоўнічалі на працягу 11 гадоў, так старанна ставіліся да сваёй часткі працы.


Нашай камандзе засталося структураваць інфармацыю і падрыхтаваць фота і медыйны кантэнт. Далей было праектаванне, дызайн, праграмаванне, тэставанне і запуск. Звярніце ўвагу на навігацыю сайта – яна рэалізаваная па прынцыпе “пераязджання” ў рамках аднаго вялікага ліста. Нягледзячы на ​​”нагружанасць” фотакантэнтам, сайт выдатна праглядаецца на мабільных прыладах”.

 

Фота ў музеі рабіў Андрэй Гаўрылаў, дызайнер праекта, медыйны кантэнт падбіраў менеджар праекта Валерый Абухоўскі. Таксама над праектам працавалі фронтэнд праграміст Андрэй Ермак і бэкэнд праграміст Саша Яшкін.

 

Адзін “культурны” праект у год

 

Глеб не адмаўляе, што такая разавая ініцыятыва можа перарасці ў паўнавартасны праект і студыя працягне ствараць вэб-сайты, якія прынясуць карысць беларускай культуры і нашаму гораду. Але для пачатку каманда паглядзiць, якую карысць прынясе сайт музею.

 

Цікавасць да праекту заўважная. У першы дзень спасылку на сайт расшарылi ў Facebook і твiтнулi больш за 200 чалавек.

 

Для студыі прыярытэтам нумар адзін застануцца камерцыйныя праекты, бо менавіта яны дазваляюць зарабляць і надаваць час бясплатным праектах. Таму наўрад ці варта чакаць больш аднаго “культурнага” праекта ў год.