Жывыя кнігі раскрылі таямніцы з “Сямейнага альбома”

|

Каардынатарка праграмы Універсітэт залатога веку Ганка Барадзіна знаёміць чытачоў з правіламі жывой бібліятэкі

 

Знаёмства з гісторыяй жывой кніжкі адкрывала перад чытачамі цікавыя падрабязнасці з мінулага і па-новаму знаёміла з людзьмі, што расказвалі гісторыі. Шчырасць расповядаў надавала іх словам асаблівую змястоўнасць і цеплыню. “Я вырашыў расказаць пра свайго дзеда, што ваяваў у Турэцкую вайну, а пасля два гады ішоў дадому і пра яго брата-волата, што меў проста нечалавечую сілу. Чаму менавіта пра гэта? У мяне няма нічога важнейшага”, – распавядае Аляксандр Рамановіч.

 

Аляксандр Рамановіч дзеліцца ўспамінамі пра жыццё сваіх дзядоў і тутэйшы вясковы побыт

 

Аляксандр не меў здымкаў сваіх дзядоў, ды і медаль “За усердие”, што прынёс дзед з вайны, згубіўся. Але ў яго расповедзе перад чытачамі-слухачамі паўставалі маляўнічыя краявіды вёскі Стральцы, дзе цячэ Котра, просты быт вясковай хаты, традыцыі і звычаі вяскоўцаў.

 

Паслухаўшы першую “кнігу” наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з другой. Але слухачы Ларысы Гірас засталіся пры сваёй жывой кнізе і пасля перапынку.

 

Ларыса Гірас расказвае, як выйшаўшы на пенсію наважылася падацца падарожнічаць па Францыі

 

“Мы папрасілі адразу “выдаць” для нас другі том, – кажа чытачка з гэтай групы Таццяна Халенкова. – Такі захапляльны і яркі расповед у Ларысы, нібы я сама пабывала ў тым падарожжы па Францыі”.

 

Здымкі і мапы дапаўнялі расповед жывой кнігі і ілюстравалі падзеі, пра якія расказвала Ларыса

 

У расповедзе Тамары Мухінай паўстала перад слухачамі Паўночная Карэя, дзе яна правяла некалькі гадоў дзяцінства – лёс бацькі-вайскоўца закінуў сям’ю туды.

 

Тамара Мухіна расказвае пра сваё дзяцінства ў Паўночнай Карэі і знаёміць чытачоў са сваім ратаўніком – карэйцам, што дапамагаў лячыць яе ад малярыі

 

Лідзія Бяганская расказвала пра кранальныя гісторыі кахання, што здарыліся ў яе сям’і  а Раіса Малыхіна – пра пасляваенную школу на Гарадзеншчыне.

 

Кранальныя гісторыі кахання раскрывала сваім чытачам “жывая кніжка” Лідзія Бяганская

 

Пра побыт вясковай настоўніцы ў паваенныя часы расказала Раіса Малыхіна

 

Арганізатарам жывой бібліятэкі стаў Цэнтр міжпакаленчага паразумення, які працуе на базе праграмы “Універсітэт Залатога Веку”, у партнёрстве з Прыватнай установай “Студыя карысных кампетэнцый”. Фінансавую падтрымку аказаў Фонд “Памяць, адказнасць і будучыня” ў супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”.

 

Здымкі аўтаркі