Дзеці ў цемры далі абяцанні планеце: як у Гродне самыя маленькія правялі Гадзіну Зямлі

|

 

Знаёмства з гасцямі, што наведаліся ў Дзіцячую экастудыю на Гадзіну Зямлі


З 10 рэчаў неабходных рэчаў пакінулі толькі 4


Калі наведвальнікі імпрэзы пазнаёміліся паміж сабой, ім прапанавалі… выправіцца на бязлюдную выспу. Ці хаця б вызначыць 10 рэчаў, без якіх кожны з іх пражыць не можа. У спісы, што склададі дзеці, разам з рэчамі патрапілі і не-рэчы: нехта казаў, што добра было б узяць з сабою сям’ю, а іншыя не ўяўляюць жыцця без любімай цацкі. Знайшліся і тыя, хто ў спіс рэчаў першай неабходнасці ўнеслі мабільнікі ці камп’ютары. Але ў выніку паступовай адмовы ад раскошаў цывілізацыі ўдалося высветліць, што мінімум, без каторага цяжка абысціся, складаюць ежа, вада, адзенне і жытло.

 

Спіс неабходных рэчаў давялося істотна скараціць

 

Выспы хутка з’явіліся ў калажы на кантэйнеры для батарэек. Пад яго прыстасавалі кардонную каробку, а выяву планеты дзеці зрабілі аплікацыяй з каляровых кавалачкаў паперы. Для падзелкі выкарыстоўвалі рэкламныя лісткі і старыя часопісы, каб не марнаваць паперу.

 

Рэкламныя буклеты і старыя часопісы выкарысталі для калажа  – кавалачкі патрэбнага колеру вырывалі са старонак і наклейвалі на контуры Зямлі на каробцы

 

Для самаробнага кантэйнера знайшліся скарыстаныя батарэйкі

 

На час выключэння святла дзеці змайстравалі садовыя ліхтарыкі

 

 

Заняткі ў экастудыі прывялі да навуковай працы



У сям’і Куцко лічаць, што праз гульні і стасункі з дзецьмі навучыцца быць экалагічным лягчэй


Бацькі, што прыйшлі разам з дзецьмі, з гатоўнасцю прыходзілі на дапамогу. “Падзея атрымалася цікавая і пазнавальная”, – кажа Ліля Куцко, што разам з трыма малымі і мужам Андрэем прыйшла на імпрэзу. Яна лічыць, што такія сустрэчы дапамагаюць усведамляць, што планету і прыроду трэба берагчы, і што ёсць шмат людзей, гатовых жыць экалагічна. Дома сям’я таксама трымаецца экалагічнага ладу, расказала Ліля: “Сартуем смецце, асобна збіраем батарэйкі, вырошчваем з зярнятак саджанцы дрэваў, а пасля высаджваем каля бабулінай хаты”.

 

Алена Сакалоўская разам з дачкой, першакласніцай Міленай, наведваюць экастудыю ад самага пачатку, калі праходзіла акцыя “Кардонны Гродна”. Алена расказвае, што гэта сур’ёзна паўплывала на іх побыт. Зараз яны сартуюць смецце і вырошчваюць зеляніну на падваконні. А дачка па атрыманым досведзе ўжо напісала школьную навуковую працу пра раздзельны збор смецця.

 

Данута Макей і Андрэй Пячынін назіраюць, як ідуць справы ў Івана. Іх унук адзін з самы малодшых на гадзіне Зямлі


Данута Макей і Андрэй Пячынін прышлі ў студыю разам з трохгадовым унукам Іванам: “Мы даўно ведаем пра Гадзіну Зямлі і дома выключаем святло на гэты час ці проста ўвечары, бо Івану вельмі падабаюцца свечкі”, – распавяла Данута. Зараз вырашылі правесці час у экастудыі, каб Іван пабавіўся разам з дзецьмі. Паводле бабулі, на такіх акцыях дзеці лепш разумеюць, як сябе паводзіць, задумваюцца пра будучыню Зямлі, пра тое, што яе трэба захоўваць і берагчы.

 

 

Цемра, музыка і цені – магія гадзіны Зямлі



Музычны настрой пад час імпрэзы ствараў Васіль Валошчык – ціхія мелодыя флейты гарманічна ўпляталіся ў гоман дзіцячых галасоў і гарманізавалі прастору студыі


Калі ж наступіў час згасіць святло, гасцей экастудыі чакаў тэатр ценяў. Яны пабачылі казку “Як стаць прыгожым дрэвам” Генадзя Цыферава. Таццяна Валошчык з праекта “АнТрисоль” стварыла для яго лялек, а Васіль Валошчык – гукавое афармленне. Індыйскія флейты, рэйн-сцік – інструмент перуанскіх індзейцаў, што дае гук, падобны на дождж, нязвыклы музычны інструмент салім – стваралі чароўную атмасферу казкі разам з полымем свечак і ігрой ценяў.

 

Закуліссе тэатра ценяў – Рыма Ушкевіч і Таццяна Валошчык іграюць казку “Як стаць прыгожым дрэвам”

 

Казка Генадзя Цыферава “Як стаць прыгожым дрэвам”. Лялькі зрабіла Вольга  Валошчык

 

Мы не акцёры, – кажа Таццяна Валошчык, – але ў нашай сям’і трое дзяцей, і мы ведаем, што зрабіць, каб ім было цікава і карысна”. З яе словаў, зараз вельмі важна паказаць дзецям каштоўнасць жывых рэчаў – прыроды і чалавечых адносінаў, бо існуе небяспека выцяснення іх праз тэлевізар, камп’ютар ці экалагічнае занядбанне.

 

Цемра ў памяшканні стала добрай нагодай і для выпрабавання самаробнага ліхтарыка – перадаючы яго з рук у рукі дзеці давалі абяцанне трымацца хаця б адной экалагічай звычкі – выключаць святло ці ваду, калі яны не патрэбны, сартаваць смецце, маляваць на двух баках аркуша паперы, ездзіць на ровары ці хадзіць пешшу або карыстацца грамадскім транспартам.

 

У цёплым коле сяброў дзеці паабяцалі Зямлі трымацца экалагічных звычак

 

 

З маленькіх крокаў…

 

Мяркуючы па тым, колькі людзей прыйшло і якія словы падзякі гучалі напрыканцы імпрэзы, у нас усё атрымалася”, – кажа па сканчэнню сустрэчы кіраўнічка Дзіцячай экастудыі – экалагічна-выхаваўчага праекта для дзяцей, які існуе пры падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняўРыма Ушкевіч. Хоць многія дзеці яшчэ зусім малыя, яны разумелі, пра што ішла гаворка і, напэўна, усвядомілі, што ад іх паводзінаў таксама залежыць дабрабыт нашай Зямлі. Але самае галоўнае ў экалагічнай адукацыі, лічыць Рыма, гэта паслядоўнасць і рэгулярнасць. Калі пастаянна нагадваць і замацоўваць веды практычна, гэта сфарміруе добрыя звычкі: “З маленькіх крокаў, што робяцца ад дзяцінства, ствараецца свядомы чалавек, які здольны трымацца экалагічнага ладу жыцця і  адказваць за сябе, свой горад і сваю планету”.


 

 
 
 

Здымкі аўтаркі