“Я тутэйшы”. Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі наведаў Гродна

Вітальд Вашчыкоўскі знаходзіцца ў Беларусі з двухдзённым візітам. 21 сакавіка ён правёў у Мінску, сустрэўшыся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Але пачаў свой візіт ён з Курапатаў, дзе разам з новым амбасадарам Польшчы ў Беларусі Конрадам Паўлікам усклаў кветкі на месцы расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Раніцай 23 сакавіка Вашчыкоўскі сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

 

Па словах міністра, з беларускім лідарам ён размаўляў “пра гістарычныя, палітычныя і вайсковыя справы”. Пад апошнімі ён меў на ўвазе расійска-украінскі канфлікт. Гэтаксама ў перамовах з беларускім бокам закраналася тэма палякаў у Беларусі і тэма мяжы – яе міністр назваў самай галоўнай праблемай. Польскі і беларускі бакі дэкларавалі гатоўнасць працаваць для паляпшэння прававой базы ў сферы рэгулявання мяжы, паляпшэння яе працы і ў будучыні – адкрыцця малога памежнага руху.

 

 

Сёння міністр сустрэнецца ў Гродне з мясцовымі палякамі і наведае Ваўкавыск – радзіму яго маці.

 

 

Фота: Руслан Кулевіч, Ян Лялевіч