Дзе ў Гродне і ваколіцах можна зладзіць грыль-пікнік: агляд платных і бясплатных стаянак
Разводзіць вогнішча ў любым месцы нельга
Як аказалася, ставіць мангал у месцы, якое спадабалася, а тым больш разводзіць вогнішча, у лесе катэгарычна забаронена:
– Лес поўны гаручых матэрыялаў – сухая трава, галінкі. Нават маленькая іскрынка можа справакаваць узгаранне. Разводзіць агонь у мангале або барбекю дазволена толькі на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, абрамлены мінералізаванай (ачышчанай да мінеральнага пласта глебы) паласой не менш 0,25 м. Трэба памятаць, што ў пажаранебяспечны перыяд уваход у лес забаронены, у тым ліку і пікнікі ў адмыслова адведзеных для гэтага месцах, – расказаў інжынер па ахове і абароне лесу Гродзенскага лясгаса Сяргей Шпарко.
На пікнік бярэм вогнетушыцель і рыдлёўку
Зладзіць грыль-пікнік можна каля прыватнага дома. Правілы пажарнай бяспекі дазваляюць усталёўваць мангал на тэрыторыі дачных кааператываў, садовых таварыстваў, прысядзібных тэрыторый і баз адпачынку. Пры гэтым мангал, барбекю, грыль можна распальваць пры слабым ветры, на адлегласці не бліжэй чатырох метраў ад будынкаў і збудаванняў. З сабой трэба ўзяць вогнетушыцель ці не менш за 10 літраў вады, а таксама рыдлёўку. Пасля заканчэння старанна пагасіць вуголле. Не рэкамендуецца ставіць мангал пад кронамі дрэў і ў месцах з сухой расліннасцю, распавяла прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля Жывалеўская.
Калі казаць пра вогнішчы, правілы дапускаюць распальваць агонь на тэрыторыі дамоў, сядзібных забудоў, дачных і садовых таварыстваў. Адлегласць ад будынкаў павінна складаць як мінімум 10 метраў, ад ляснога масіву – 20 метраў, ад месцаў складавання сена або саломы – 30 метраў.
Ці можна смажыць мяса і гародніну на балконе?
За развядзенне агню на балконе прадугледжаны штрафныя санкцыі да 30 базавых велічынь, паколькі гэта лічыцца парушэннем заканадаўства аб пажарнай бяспецы. Аднак, калі казаць пра такія бытавыя прыборы як электрагрыль ці электрашашлычніца, то парадак іх бяспечнага выкарыстання ў памяшканні прапісаны ў інструкцыі па эксплуатацыі, падкрэсліла Наталля Жывалеўская.
Дзе зладзіць грыль-пікнік?
У Гродне і ваколіцах ёсць некалькі абсталяваных пляцовак – гэта спецыяльная тэрыторыя ў лесе, дзе ёсць альтанкі і стацыянарныя мангалы.
1. Крыты навес з лаўкамі ў лесапарку Ласосна недалёка ад пляжу разлічаны прыкладна на 15 чалавек.
2. На пляжы возера Юбілейнае таксама ёсць падобны навес, які месціць крыху больш гасцей – да 20 чалавек. Усталяваны мангал.
3. Па маршруце веласіпеднай сцежкі ад лесапарку Пышкі ў бок санаторыя “Жамчужына” налічваецца больш за дзесяць альтанак з велапаркоўкай, месцам для развядзення вогнішча, смеццевымі кантэйнерамі і біятуалетамі. Усе альтанкі бясплатныя.
4. На самой “сцежцы здароўя” ў Пышках таксама больш за дзесяць альтанак. З сабой трэба ўзяць мангал, дровы, вугаль, шампуры, ваду. Усе альтанкі бясплатныя.
5. На тэрыторыі агратурыстычнага комплексу “Каробчыцы” ёсць шэсць альтанак . Праўда, усталёўваць мангал і смажыць шашлык там забаронена. Арэнда альтанкі да 20 чалавек каштуе 350 тысяч, на 50 гасцей – 500 тысяч, на 100 – мільён. Асобна кожнаму прыйдзецца заплаціць за ўваходны квіток у комплекс – 40 тысяч рублёў. Забраніраваць альтанку можна па тэлефоне +375 29 786 61 70
6. Альтанкі на 6, 12 і 24 чалавека ёсць на тэрыторыі базы адпачынку “Дом Рыбака”. Арэнда малой альтанкі (да 6 чалавек) на тры гадзіны будзе каштаваць 70 тысяч, за кожную наступную гадзіну трэба даплаціць 40 тысяч рублёў. Цана сярэдняй альтанкі (разлічана на 12 гасцей) – 170 тысяч за тры гадзіны, кожную наступную гадзіну – 50 тысяч рублёў. Вялікая альтанка (месціць 24 чалавекі) каштуе 250 тысяч, кожная гадзіна каштуе 70 тысяч рублёў. Побач з альтанкай усталяваны толькі мангал, з сабой трэба ўзяць дровы, вугаль, шампуры. Забраніраваць можна па тэлефоне +375 29 581 22 82
7. Каля вёскі Азёры ёсць два месцы, дзе можна бясплатна пасмажыць гародніну або мяса. Дзве альтанкі, кожная разлічана на 8 чалавек, знаходзяцца прыкладна ў трох кіламетрах ад вёскі Стрыеўка побач з дарогай. Адна альтанка на шэсць чалавек знаходзіцца па дарозе Азёры – Новая Руда. Устаноўленага мангала там няма.
8. На тэрыторыі ландшафтнага заказніка “Азёры” ёсць 4 альтанкі, усе яны на беразе возера ў маляўнічым месцы. Арандаваць альтанку, разлічаную да 25 гасцей, можна за 400 тысяч рублёў у суткі. Побач можна ўсталяваць палаткі. Ёсць мангал, месца для вогнішча, за асобную плату супрацоўнікі заказніка могуць правесці экскурсію, паказаць зуброў або пакатаць на яхце. Забраніраваць можна па тэлефоне +375 29 789 40 99
9. Арандаваць альтанку можна на тэрыторыі базы адпачынку “Далёкае” на беразе возера Вероўскае, што недалёка ад Парэчча. Ёсць альтанка на 30-40 чалавек, каштуе 30 тысяч з чалавека, можна ўзяць з сабой намёты і пераначаваць на месцы. Таксама можна арандаваць альтанку разам з хаткай, цана – 300 тысяч у суткі. У кошт уваходзяць мангал, дровы, шампуры. Забраніраваць можна па тэлефоне +375 29 862 41 88
10. На Аўгустоўскім канале можна арандаваць альтанкі на 10, 30 і больш чалавек. Арэнда маленькай альтанкі ў мінулым годзе каштавала 60 тысяч за гадзіну. Альтанка пабольш каштуе 80 тысяч за гадзіну. Таксама ёсць альтанкі з электрычнасцю, разлічаныя на 15-30 чалавек, кошт – 100 тысяч за гадзіну.
11. Дзве бясплатныя альтанкі знаходзяцца ў дваццаці кіламетрах ад Гродна, па дарозе на Індуру, каля вёскі Зарубічы. Кожная будзе змяшчаць да 10 чалавек, побач ёсць аўтастаянка. З сабой трэба ўзяць мангал і іншыя прылады для грылю.
12. Дзве падобныя драўляныя альтанкі знаходзяцца каля вёскі Плябанішкі, побач з Гожай. З сабой таксама трэба ўзяць мангал, дровы, вугаль, шампуры.
Даведка
За распальванне вогнішчаў у лесе ці ў іншым неналежным месцы пагражае штраф да 12 базавых велічынь. У выпадку, калі агонь прывёў да знішчэння або пашкоджання лесу, прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь. Мангал у неналежным месцы таксама пагражае штрафам да 30 базавых велічынь. У Румлёва пікнік з мангалам забаронены. Па словах начальніка ўчастка лясной гаспадаркі УРСП “Гродназелянбуд” Андрэя Лубіна, пікнік з мангалам у лесапарку забаронены, бо гэта прыродаахоўная зона.