У Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне пачаўся буйны рамонт
Мэта спецыялістаў – прывесцi ў парадак сцены і столь, на якіх за доўгія гады асела копаць, а таксама вырашыць пытанне з афарбоўкай. Плануецца, што працы скончацца да Пасхі (сёлета 1 мая), у скрайнім выпадку – да Тройцы (19 чэрвеня).
“З часу апошніх рамонтных работ вельмі закапцілiся сцены. Гэта ўжо заўважалі не толькі святары і вернікі, але і людзі, якія проста заходзілі ў сабор“, – распавядае настаяцель Свята-Пакроўскага сабора айцец Георгій Рой.
Пачаткова ў саборы планавалася проста пафарбаваць сцены, але спецыялісты звярнулі ўвагу, што ў многіх месцах тынкоўка патрэскалася.
Яшчэ адна праблема паўстала са столлю: зараз вельмі бачныя сляды ад бэлек, якія за доўгія гады паспелі праіржавець. Таксама і там пачала абвальвацца фарба.
“Было прынята рашэнне, што мы здымаем фарбу з усіх металічных бэлек, зачышчаем іх і выкарыстоўваем антыкаразійныя рэчывы. Ну і далей працуюць майстры па афарбоўцы. Сабор з часоў заснавання рамантаваўся некалькі разоў. У савецкі час столь і сцены былі зафарбаваныя маслянай фарбай і цяпер у час рамонту мы на гэтую фарбу натыкаемся. Уласна яна і складае асноўную частку праблем“.
Акрамя столі і сцен, спецыялісты заняліся і іконамі ў саборы.
“Нашы іконы за апошнія гады сталі занадта цёмнымі, на іх сабралася копаць. Чысцілі іх самым звычайным спосабам, наогул без хіміі. Розніца да чысткі і пасля заўважная“.
Пад час чысткі айцу Георгію ўдалося вывучыць больш дакладна некаторыя іконы храма. Нямногія гарадзенцы ведаюць, што частка ікон Свята-Пакроўскага сабора была сюды перанесена Сафійскага сабора (Фары Вітаўта) і царквы Аляксандра Неўскага (разабраная ў 1930-х). Таксама айцец Георгій кажа, што ў будучыні ў саборы з’явіцца музейная экспазіцыя, дзе можна будзе ўбачыць шмат цікавых і ўнікальных рэчаў.