З-за фальшывага паведамлення аб мініраванні з дома на Захарава эвакуіравалі 50 чалавек
Як паведамляюць відавочцы, незвычайнае паведамленне прыйшло на электронную пошту фотастудыі “Мега”, якая працуе на першым паверсе дома №26.
“Спачатку нам сказалі, што гэта смс прыйшоў аднаму з супрацоўнікаў “Мегі”. А пасля, што гэта было паведамленне на email. Усіх супрацоўнікаў офісаў і частку жыхароў дома эвакуіравалі за лічаныя хвіліны. Але многія заставаліся ў сваіх кватэрах і на балконах, назiраючы за тым, што адбываецца“, – распавяла супрацоўніца аднаго з офісаў Кацярына.
На месцы здарэння працавалі міліцыянеры, прадстаўнікі следчага камітэта і сапёры. У 13.20 стала ясна, што аперацыя скончылася і жыхарам дома ды супрацоўнікам офісаў дазволілі вярнуцца ў свае кватэры і кабінеты.
“Знайшлі яны што-небудзь ці не, нам невядома”, – кажа Кацярына. Яна наогул схільная думаць, што гэта вучэнні, звязаныя з апошнімі падзеямі ў Брусэлі.
Насамрэч выбухоўкі ў доме не знайшлі, паведамленне было фальшывым. Супрацоўнікі міліцыі цяпер шукаюць аўтара фальшывага паведамлення.