Талмуд загадвае напіцца! Гарадзенскія габрэі адзначылі самы вясёлы дзень календара
Габрэi адзначалі самае вясёлае свята ў годзе – свята ў памяць аб цудоўным выратаванні габрэйскага народа ў Персідскім царстве больш за 2400 гадоў таму, у перыяд праўлення цара Ахашвероша (Артаксэркса). Гэты дзень атрымаў назву ад слова “пур”, што азначае “жрэбій”.
Менавіта пра гэты дзень у Талмудзе сказана: у Пурым абавязкова напіцца так, каб не адрозніваць “праклёнаў Амана” ад “дабраславенняў Мардэхая”.
У гэты дзень гарадзенскі рабін Іцхак Кофман (на здымку нiжэй) наліваў дарослым столькі, колькі яны маглi выпiць.
“Я ўпершыню бачу столькі людзей на нашым свяце, такой колькасці яшчэ не было! Нам нават прыйшлося дастаўляць сталы і лаўкі. Мы расцем і становімся адной вялікай сям’ёй. Усімі намаганнямі наша сінагога стала сапраўдным домам не толькі для габрэяў, але і для многіх горажан, якія прыходзяць і адчуваюць сябе тут утульна“, – распавёў старшыня гарадзенскай іўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.
Спецыяльна для дзяцей прыехаў самы сапраўдны цырк, дзе выступалi клоўны з дрэсіраванымі птушкамі.
Самымі прыгожымі і яскравымі ў гэты вечар былі дзеці. Дарэчы, акурат з-за касцюмаў габрэі называюць свята Пурым “сваім Хэлоўінам”.
Для дарослых у гэты вечар быў падрыхтаваны спецыяльны стол, таксама для iх выступалi лепшыя музыкi гарадзенскай абшчыны. Пасля застолля многія пачалі танцаваць.
Свята скончылася з надыходам цемры. Усе пажадалі адзін аднаму здароўя і паабяцалі ў наступным годзе арганізаваць Пурым яшчэ лепш.