У Гродне паказалі “свет на кончыках пальцаў”: пяць кніг для дзяцей, якія слаба бачаць
Сярод тактыльных кніг: вершы Агніі Барто, “Щенок” Сяргея Міхалкова, зборнік дзіцячых вершаў розных аўтараў, руская народная казка “Колобок” і ўкраінская народная казка “Каласок”. Кнігі маюць усяго 5-6 старонак кожная, але яны вельмі аб’ёмныя.
Што цікава, дагэтуль такіх выданняў у Гродне наогул не было. Ініцыятыва стварыць іх сыходзіла ад Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна. Прафінансаваў праект “Малочны мір”.
Стварэнне кнігі падзялялася на тры этапы: распрацоўка старонак, закупка матэрыялаў, стварэнне аб’ёмных персанажаў і прашыўка старонак. На развароце знаходзіцца выява персанажа, звычайны тэкст і тэкст шрыфтам Брайля – рэльефна-кропкавым шрыфтам для інвалідаў па зроку.
Кнігі стваралі майстрыхі з клуба “Радость” пад кіраўніцтвам Ларысы Аутка і Вера Генюш з “Гарадзенскага каларыту”. Сшывалі старонкі валанцёры з педагагічнага факультэту ГрДУ і кіраўнічка праекта Таццяна Шыбут. Працэс стварэння заняў агулам 10 месяцаў.
Тактыльныя кнігі ствараюцца па пэўных правілах. Кніга павінна быць прыемнай на дотык і зробленай з экалагічных матэрыялаў. У ілюстрацыі героя захоўваюцца рэальныя прапорцыі. Персанаж вымалёўваецца выразна: у коціка павінна быць чатыры лапкі, два вока, адзін хвост. Герой ствараецца з таго матэрыялу, які з ім асацыюецца: кот з кавалачку меха, драўляны домік – з дрэва. У бабулі і дзядулі робяць выразныя вочы, твары, строі. На малюнку не павінна быць лішніх элементаў, а кнігі павінна мець закругленыя канцы. Стваральнікі прызнаюцца, што часам не ўсе гэтыя патрабаванні ўдавалася выканаць.
Паліна Кісель, адна з тэсціроўшчыкаў, на сустрэчы ўпершыню пачытала некаторыя кнігі. Там, дзе было больш пластыку і мадэліну, пазнаць персанажаў можна было толькі з дапамогай чытання. Яшчэ адзін тэсціроўшчык кнігі Валерый выказаў надзею, што такія кнігі з’явяцца ў спецыялізаваных школах.
Кнігі застануцца ў фондзе Спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку, якая знаходзіцца па вул. Дзяржынскага, 98. Да бібліятэкі ходзіць шмат грамадскага транспарту, а будынак знаходзіцца блізка ад прыпынку.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі школы-інтэрнату для дзяцей, якія слаба бачаць. Яны расказалі, што спецыяльныя кнігі па навучальных прадметах у іх ёсць, а дзеля мастацкай літаратуры дзетак будуць з задавальненнем вазіць у бібліятэку.
Праект “Цёплыя кнігі” скончаны, але арганізатары спадзяюцца на яго працяг. Да супрацы запрашаюцца майстры і валанцёры.