Сустрэча з заўзятарамі: “Нёман” атрымаў заданне быць у пяцёрцы лепшых

|

Заўзятарам прадставілі каманду, у тым ліку і навiчкоў, якія перайшлі ў “Нёман” за перыяд міжсезоння: галкіпер – Уладзімір Жураў, паўабаронцы Кірыл Вяргейчык, Арцём Васькоў, Андрэй Чухлей і Тарас Дурай. А таксама адзін нападнік – Раман Васілюк.

Тарас Дурай – новы паўабаронца “Нёмана”

Навічкі – Кірыл Вяргейчык і Андрэй Чухлей

 

Першым выступіў галоўны трэнер жоўта-зялёных Сяргей Саладоўнікаў, які адзначыў, што клуб правёў тры запланаваных збора, на якіх да каманды паэтапна далучаліся навiчкi. Сам трэнер лічыць, што за кошт захавання леташняга складу, каманда ўмацавалася і запоўніла некаторыя прабелы. Сяргей Саладоўнікаў паабяцаў, што ў кожным матчы новага сезона яго каманда будзе выкладвацца на ўсю моц.

Заўзятары заўважылі, што на сустрэчы не было Васілючака. Адсутнасць маладога гульца пракаментаваў галоўны трэнер:

“Мы прапанавалі Уладзіславу новы кантракт, але ён яшчэ пакуль думае, бо да яго праяўлялі і праяўляюць цікавасць іншыя клубы”, – распавёў Сяргей Саладоўнікаў.

 

Асноўнае месца ў варотах яшчэ ў мінулым годзе замацавалася за Сяргеем Курганскiм. Варта адзначыць, што мiнулы сезон ён пачынаў трэцім брамнікам. На сённяшні дзень Курганскі не толькі лепшы, але таксама мае адзiн з самых высокіх заробкаў у “Нёмане”.

Сяргей Курганскi Капітанам як і ў мінулым годзе, так i ў гэтым будзе Сяргей Сасноўскі.

“Нам важная падтрымка, i варта адзначыць, што мы будем гуляць не толькі за сябе і свае сем’і, але таксама для нашых заўзятараў”, – адзначыў капітан.

 

Слова ўзяў і Мечыслаў Гой. Ён адзначыў, што ад заўзятараў залежыць як вынік матчу, так і вынік па сезоне.

 

“Як людзі будуць ходзіць на футбол, такая гульня і будзе. Мы ўсё робім, каб гледачам было цікава на футболе. Задач камандзе яшчэ не ставілі, хай гэтую задачу паставяць самі заўзятары”, – адзначыў старшыня гродзенскага гарвыканкама.

 

А самі заўзятары паставілі камандзе задачу быць у пяцёрцы лепшых.

 

Пра фінансавую частку каманды распавядаў старшыня клуба Іван Варсовiч. За год жоўта-зялёным удалося пагасіць палову доўга, які ў 2015 годзе яшчэ складаў 16 мільярдаў рублёў, цяпер ён складае 8. З іх 2 млрд – абавязак перад ЦСК “Нёман” за арэнду гульнявога поля.

 

“Некаторы цяжар з клуба ўжо зняты, бо у гэтым годзе мы зможам самі трохі зарабляць грошы – клубу былі перададзеныя некаторыя стаянкі горада”, – распавёў Іван Варсовiч.

 

Нечакана для ўсіх, Мечыслаў Гой даў зразумець, што прапрацоўваецца пытанне аб аб’яднанні футбольнага клуба са стадыёнам. А таксама горад плануе выдзяляць аўтобусы для заўзятараў “Нёмана” на сур’ёзныя матчы.

 

Варта адзначыць, што за перыяд міжсезоння гарадзенская каманда правяла 7 таварыскіх матчаў, з іх 4 паразы і 3 перамогі. Розніца мячоў забітых і прапушчаных 8 на 8. У кантрольных матчах прыняў удзел 31 футбаліст. Сярэдняя заробная плата за мінулы год у гульцоў асноўнага складу “Нёмана” складала 11 мільёнаў. У гэтым годзе заробак складзе 16.5 млн. Сярэдні ўзрост каманды 25 гадоў 327 дзён.

Бебе і навабранец “Нёмана” – Раман Васілюк

Павел Савіцкі будзе аднаўляцца пасля траўмы яшчэ каля месяца