“Забівацца сэнсу няма”. “Гараднічанка” прайграла чарговы матч
Здавалася б дасць гарадзенская каманда бой гасцям за крыўднае паражэнне ў Гомеле (46: 9), але цуд не адбыўся. Замест 14 гульцоў у пятніцу, 1 красавіка, у мясцовай каманды было толькі 9. Шмат хто траўмаваны, а хтосьцi і зусім перайшоў у іншую каманду.
Матч у Гродне скончыўся чарговай разгромнай паразай:
“Гараднічанка” – “Гомель” 13:31
Галоўны трэнер гарадзенскiх дзяўчат Аляксандр Сыцько пракаментаваў хатняе паражэнне ад “Гомеля”:
“Нам пакуль цяжка гуляць на роўных з “Гомелем” або БНТУ. Толькі эпізадычна мы можам ім нешта супрацьпаставіць. Што тычыцца апошняй гульні, то ў суперніка гулялі ўсе, хто прыехаў, а ў нас тыя, хто змог. На жаль, лаўка запасных у нас вельмі кароткая. “Забівацца” ў гульні з моцным супернікам няма сэнсу, бо наперадзе – важны матч з “Бярэзіной”. З імі мы яшчэ можам пазмагацца. З-за траўмы мы страцілі Кацярыну Еўтушэўскую. Колькі яна прапусціць пакуль невядома. Гэта наш асноўны гулец, замяніць яе Анастасія Зеньчык пакуль не ў сілах“. – паведаміў афіцыяльны сайт “Гараднiчанкi”
Зараз “Гараднічанка” перажывае не лепшыя часы, але ўсё яшчэ змагаецца і абкатвае моладзь. З леташняга складу ў камандзе засталося толькі 3 чалавекі. У гэтым сезоне гарадзенскi клуб можа разлічваць толькi на 3-4 месца.