Супраць скейтэраў, што катаюцца ля Драмтэатра, пачалі выкарыстоўваць салідол
Яшчэ год таму ў гарадзенскіх скейтэраў была свая пляцоўка. Але з часам яна ператварылася ў руіну, уласнік бяздзейнічаў, таму гарадскія ўлады вырашылі дэмантаваць скейт-парк. Пасля гэтага моладзь вярнулася да тэатра, дзе каталася дагэтуль.
“Ніхто нас не ганяе, хлопцы катаюцца. А граніт ўжо даўно мажуць, каб мы не слізгалі па ім. Мне здаецца, даволі дзіўны спосаб. Размаўляў з рабочымі, якія гэтым займаюцца. Яны таксама лічаць гэта вар’яцкай справай, але дырэктару свайму не пярэчаць, гэта ж іх праца“, – кажа малады скейтэр Алег.
У адміністрацыі тэатра запэўнілі, што пра “вайну” з моладзю нічога не ведаюць і паабяцалі разабрацца ў сітуацыі.
Скейтэры звычайна прыходзіць катацца ўвечары, калі ў гараджан заканчваецца працоўны дзень. Са слоў старэйшых хлопцаў, граніт сталі абмазваць яшчэ мінулым летам.
“Калі грані былі чыстымі, нашы хлопцы перыядычна слізгалі па іх, бо ўвесь час катацца па роўнай плоскасці надакучвае. Хацелася навучыцца рабіць новыя трукі на гранях. Неяк рабілі яшчэ грайнд-бокс [трамплін] з паддона і пакідалі яго на драме, каб пад мост не цягаць, але ў выніку ён даволі хутка знік“, – кажа Дзмiтрый.
Таксама хлопец узгадвае, што пасля дэмантажу скейт-парка моладзі абяцалі новую пляцоўку, але абяцанні апынуліся пустымі словамі.
“Пакуль што глуха з гэтым. Зрэшты, як і заўсёды. Гэта, мабыць, трэба толькі нам і ніхто не бярэцца гэтым займацца. Што тычыцца драма, то ён заўсёды быў найлепшым месцам у горадзе, дзе можна катацца. З часам мы і “прыгрэлі” сабе пастаяннае месца“.