Штраф за гандаль на вуліцы павялічылі да 10 мільёнаў. Бабулькі з Антонава не пераймаюцца

|

 

Зараз памер штрафу для “фізічнай асобы, што не ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць” за “рэалізацыю на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку, грамадскім транспарце […] па-за рынкам ці іншым устаноўленым мясцовым выканаўчым органам месцам” тавару, “продаж якога не забаронены згодна з заканадаўствам”, складае ад 5 да 50 базавых велічынь (1,05-10,5 млн руб.). Раней такое правапарушэнне каралася папярэджаннем ці штрафам да 3 базавых (630 тыс руб). 

 

 

У Гродне самым знакамітым месцам, дзе гандаль працвітае не зважаючы на забароны, з’яўляецца частка вуліцы Антонава, што вядзе да Скідзельскага рынка. Асартымент імправізаванага маркета вельмі шырокі: ёсць і харчовыя, і гаспадарчыя тавары і нават адзенне.

 

 

Яблыкі, бульба, журавіны, хрэн у карэнні і пацерты, гарбузы, буракі, кансерваванае шчаўе, квашаная капуста і сушаныя грыбы – далёка не поўны пералік прысмакаў, што прадаюцца наўтрост з цыратак ці кардонак, пасцеленых на тратуар.

 

 

Гандлююць вясковымі харчамі ў асноўным сталыя жанчыны. “Шкада, каб зямля зарастала, то во гадую тую бульбу з буракамі”, – тлумачыць адна з іх. Другая ўздыхае, што пенсія не падвышаецца, а кошты растуць, то “неяк жыць трэба, тут хоць якую капейчыну утаргаваць, хоць на хлеб”. На пытанні пра дазвол на гандаль жанчынкі адказваюць добра натрэніраваным здзіўленнем. “Які дазвол, гэта ж усё сваё, з гарода! Вунь хай той, хто магазінным таргуе, дазволы бярэ, а мы што…”, – адмахваюцца яны.

 

На пытанне, ці ведаюць пра павелічэнне штрафаў адказваюць адмоўна: “Адкуль тое ведаць – газет мы не купляем, грошай не стае. От каб пенсіянерам бясплатна газеты давалі, то пачыталі б – чытаць любім”. Што да гандлю ў прапанаваным адміністрацыяй месцы – на міні рынку па вуліцы Антонава – то жанчыны адно ўсміхаюцца і дэманструюць веды маркетынгу, набытыя з уласнага досведу: “Чаго там стаяць, хто туды пойдзе спецыяльна?”.

 

Пра тое, што гандляроў перыядычна “ганяюць”, распавядаюць больш стрымана. “Ну, у мінулым месяцы на Верку пратакол склалі, а ці сплаціла яна, то не ведаю, мо і не выклікалі”.

 

 

У адміністрацыі міні-рынка да зменаў у Кодэксе ставяцца спакойна – маўляў, тыя, што ў нас гандлююць, нічога не парушаюць. Аб працэдуры атрымання дазволу на гандаль для фізічнай асобы распавёў Уладзімір Сычэўскі, дырэктар “ГродноТоргСервис”, у склад якога ўваходзіць і міні-рынак на Антонава.

 

“Тут створаны ўсе умовы для гандлю – сталы, навесы, вада падведзена. Разавы дазвол на гандаль каштуе 10 600 рублёў, для інвалідаў, пенсіянераў ды іншых ільготнікаў – палову сумы”.

 

 

Па існуючых нарматывах, каб прадаваць сельгаспрадукцыю, трэба мець даведку з сельсавета аб наяўнасці прысядзібнага ўчастка, дзе вырошчвалася садавіна ці гародніна, і медыцынскую даведку аб флюараграфіі асобы, што будзе весці продаж. Прадукты для продажу павінны прайсці лабараторныя даследванні на наяўнасць шкодных рэчываў. Гэта можна зрабіць наўпрост на рынку, каштуе такая працэдура 80 тысяч за тры гатункі прадуктаў. Часцей за ўсё ў гэты набор уваходзяць бульба, морква і буракі. Забаронены да рэалізацыі тыя прадукты, якасць каторых праверыць больш складана. Напрыклад, яйкі ці хатнія кансервы. Што да прамысловых тавараў, то яны павінны мець адпаведную сертыфікацыю.

 

Супрацоўнікі ўстаноў па вуліцы Антонава суседству “блышынага” рынка не дужа радыя, але і агрэсіі не выказваюць, ставяцца “з разуменнем”.  Часцей за ўсё яны незадаволены смеццем, што пакідаюць пасля сябе вулічныя гандляры, бо адказнасць за чысціню тэрыторыі, што прылягае да ўстановы, нясуць яе супрацоўнікі. Ім і даводзіцца прыбіраць на вуліцы амаль штодня.

 

 

Мінакі з большага не бачаць у гэтай з’яве праблемы, ставяцца да гандлю з зямлі, як да звыклай у гэтым месцы з’явы. Што да пакупак, то іх меркаванні падзяліліся. Нехта адмыслова прыязджае сюды набыць “сапраўдныя натуральныя прадукты ў бабулек”, іншыя аргументуюць, што рабіць тут пакупкі гэта рызыка.

 

 

Здымкі аўтаркі