На трасе паміж Сакулкай і Кузніцай цалкам згарэў беларускі грузавік

|

Пажар у машыне, што перавозіла з Сувалак у Гродна будаўнічыя матэрыялы, у тым ліку мантажную пену, здарыўся каля 14.30 па польскім часе.

 

“Я ехаў і раптам паўсюль з’явіўся дым. Мы з напарнікам спрабавалі тушыць самі, але без выніку”, – расказаў кіроўца-беларус сайту isokolka.eu. На пажары ніхто не пацярпеў, абодва кіроўцы паспелі выскачыць з кабіны, але не змаглі самі спыніць агонь.

 

 

На месца прыбыло пяць пажарных разлікаў з Сакулкі, Старой Камёнкі і Кузніцы, якія вадой і пенай затушылі пажар. Траса каля трох гадзін была заблакаваная для грузавікоў, кіроўцы легкавых аўто маглі аб’ехаць затор праз Стараўляны.

 

 

Прычыны здарэння высвятляе сакульская паліцыя. Як піша Kurier Poranny, поліўрэтанавая пена магла загарэцца пад уплывам высокай тэмпературы.