Насарогі ў бульбу не хаваюцца. Гарадзенскі байкер пра клубнае жыццё і гісторыю мясцовага байк-руху
Пра тое, што ў канцы красавіка час хавацца ў бульбу, гарадзенцы добра ведаюць. А хто не схаваўся – байкеры не вінаватыя
Насарог праблем не бачыць. Астатняе – не яго праблемы
Як знакавую падзею, з якой пачаўся гарадзенскі байк-клуб, Матвей узгадвае фестываль у Лагойску ў 2001 годзе. “Разам з Эндрю і Міхал Міхалычам прыехалі мы на фэст. Тады крутых байкаў не было. Падарожнічалі на “Явах” ды “Уралах”. І хоць былі мы ў тую пару маладымі і хударлявымі, трымаліся ў тусоўцы ўпэўнена і незалежна, калі што – ішлі напралом”. Пад час таго фэсту і нарадзілася параўнанне з жывёлай, што пазней стала сімвалам і назвай клуба. “Насарог не вельмі добра бачыць, але з такой масай гэта не яго праблемы”, – узгадвае Матвей байкерскі жарт таго перыяду.
Насарогаў розных колераў і матэр’ялаў можна знайсці ў клуб-хаўсе побач з фестывальнымі кубкамі і мадэлямі матацыклаў
Сабрацца і сказаць што мы клуб – недастаткова
Месцам тусоўкі гарадзенскіх байкераў пачатку 2000-х была запраўка на выездзе ў бок Азёраў – адзінае на той час месца, дзе кругласутачна падавалі каву. Тут і быў пункт старту сяброўскіх “пакатушак”. “Гродна горад невялікі, мы ўсе тут жылі ад малога, ведалі адзін аднаго і, канечне, сябравалі”. З таго шэрагу прычын паўстала рашэнне “аформіць байкерскія адносіны” больш цывілізавана, як прынята ў свеце, і арганізаваць клуб.
У сусветных байкерскіх традыцыях шлях да клуба пачынаецца з “Free group” – вольных суполак. Гэта першая прыступка ў клубнай іерархіі. Новую вольную групу падтрымаў моцны і аўтарытэтны Лідскі байкерскі клуб, таму неўзабаве гарадзенцы ўвайшлі ў склад Беларускай асацыяцыі байк-клубаў і атрымалі права насіць клубныя “колеры” і камізэлькі.
І сцяг, і пашпарт
Стаўленне да камізэлек у байкераў вельмі трапяткое. Як вынікае з расповеду Матвея, гэта не проста рэч ці частка строю – камізэлька для чальца байк клуба – адначасова і сцяг, і пашпарт. “Гэта не знак абранасці, а сведчанне ўзятых на сябе абавязкаў. Трэба разумець, – кажа Матвей, – што адзеўшы клубную камізэльку ты бярэш на сябе вялікую адказнасць. Бо за кожны твой учынак будзе адказваць і ўвесь клуб цалкам. Клуб стане за цябя гарой у любой сітуацыі, бо гэта – наша байкерскае брацтва”.
Вялікая нашыўка на спіне азначае – гэта чалец клуба. Ён прадстаўляе ўвесь клуб і за яго ў адказе ўся суполка
Каб стаць чальцом клуба трэба спачатку прайсці пэўны перыяд у ролі “hand around” – такога своеасаблівага сябра клуба, што “трымаецца пад рукою”. Гэтыя людзі бяруць удзел у падрыхтоўцы і арганізацыі мерапрыемстваў клуба і увогуле “тусяць” разам з “мэмбэрамі”. Да кандыдата пільна прыглядаюцца – ці варты ён быць чальцом клуба, ці зможа выжыць у гэтым коле і адпавядаць папрабаванням байкераў. Калі так, то ён атрымлівае статус “prospect” – перспектыўны чалец клуба і разам з ім – нашыўку, што носіцца на грудзях. Каб атрымаць нашыўку на спіне – “запаветныя рокера” – часам даводзіцца яшчэ доўга даказваць, што ты патрэбен клубу. Калі такі момант прыходзіць, то на агульным сходзе “мэмбэры” галасуюць за прыняцце новага чальца ў клуб.
Калінінградскі байкер пра жыццё на матацыкле: Прызыў Live to Ride не страчвае актуальнасці
Байкер ці не? Цана пытання
Калі разважаць пра больш матэр’яльныя рэчы, то цана “ўвахода ў клуб” гэта матацыкл і правы катэгорыі А. Што да матацыкла, то ён можа быць любым: “хоць “Іж”, хоць “Міньчык”, хоць “Рыга-гунэр”. У гэтым сэнсе стаўленне абсалютна дэмакратычнае. “Мы самі некалі пачыналі з савецкіх матацыклаў і разумеем, што каб быць разам з намі, чалавек не абавязкова павінен быць заможным, – расказвае байкер, – самі не дужа багатыя. Нашы матацыклы – гэта сведчанне апантанасці ідэяй, а не заможнасці”. Пра сябе Матвей расказвае, што доўгі час ездзіў на “перавараным у амерыканскім стылі” “Урале” і нават не марыў пра японскі матацыкл.
Зараз у гаражы Матвея абаснаваўся “Harley-Davidson”, а калісці ездзіў ён на перавараным “Урале”, каторы быў уласнаручна перапілены папалам і падоўжаны на 20 сантыметраў, каб адпавядаў “амерыканскаму” стылю
Апрануць байкера: прыбабахі і musthave
1. Скура і шнуроўкі
Што да адзення, то перавагу скураному аддаюць не дзеля моды і ці стылю, а нейперш з нагоды бяспекі. “Пры сустрэчы з асфальтам хай на ім лепш застанецца свіная скура, чым уласная”. Зараз, са словаў Матвея, скура перастае быць адзіным байкерскім матэрыялам, многія пераходзіць на сінтэтыку з высокім узроўнем абароны. Пра свае скураныя штаны ён кажа, што гэта хутчэй “даніна традыцыі”. Што да шнуровак, то гэта таксама больш тэхнічны, чым дэкаратыўны элемент. Яна дазваляе змяняць памеры адзення: зімой можна нешта пададзець, распусціўшы шнуроўку, а летам падцягнуць паскі, каб аблягала шчыльней.
Скураная куртка абыдзецца байкеру ў суму ад 150 долараў. Верхняй мяжы няма. Сучасная тэхніка дайшла да таго, што байкерскія скуранкі могуць быць нават з падушкамі бяспекі – ад удару надуваюцца, як мячыкі. Сам Матвей замаўляе скураное адзенне ў краўцоў-байкераў з Мінска. А пачаткоўцы часта і ў сэкандах скуранкі набываюць.
2. Тэрмабялізна
Гэта частка экіпіроўкі байкераў на халоднае надвор’е. Сучасныя матэрыялы зрабілі тэрмабялізну тонкай і цёплай, што дазваляе адчуваць сябе камфортна і свабодна рухацца. З іншага боку, раней абыходзіліся і звычайнымі цёплымі рэчамі без прыстаўкі “тэрма” ў назве.
3. Абутак
Байкерскі абутак мусіць перадусім быць зручным. “Ездзім у казаках ці чоперах, бо іх тоўстыя падэшвы дазваляюць добра апераваць рычагамі перадач”. У “мотасланцы”, са словаў Матвея, нармальныя байкеры не абуваюцца, бо лішняя рызыка ім не патрэбна.
Абарона неабходна, але і яна можа быць вельмі стылёвай. Выбар кожнага адпавядае ўласнаму густу і дастатку
4. Шлем
Гэта абявязковая частка экіпіроўкі. “Калі бачыш, што робіцца са шлемам пасля сустрэчы з асфальтам, то разумееш, на колькі ён падвышае твае шансы сустрэць і наступны сезон верхам на матацыкле”. Сітуацыі на дарозе бываюць розныя і ад байкера не ўсё залежыць. “Могуць элементарна знесці з дарогі, бо проста не заўважаць, ніякі досвед тут не дапаможа”. Цэны шлемаў пачынаюцца ад 50 долараў. У гэтай сітуацыі сэканд-хэнд недапушчальны, бо шлем разлічаны на адзін удар. “Сустрэўся з асфальтам – купляй новы”.
5. Абарона
Да абаронных прыстасаванняў адносяцца накаленнікі і “чарапахі” – адмысловыя карсеты, распрацаваныя для матацыклістаў, з улікам іх тыповых нагрузак. Таксама зараз пачало з’яўляцца адзенне з убудаванымі элементамі абароны, кшталту мотаджынсаў з кеўларавымі ўстаўкамі.
Але адзенне і аксесуары гэта не самае важнае ў байкерскім асяродку, падкрэслівае Матвей. Найперш трэба быць сумленным, смелым, гатовым ісці на выручку і не кідаць у бядзе.
Байкерскія байкі
Вакол байкерскага руху ўжо склаўся пэўны фальклёр. Легенды распавядаюць, напрыклад, што каб стаць чальцом клуба трэба прайсці выпрабаванне – пхаць свой незаведзены матацыкл паўкіламетра па бездарожжы.
Гэта не ўступныя істыпы для будучух чальцоў клуба. На здымку – адзін з эпізодаў сёлетняга заезда “Oppozitrun”, якім клуб штогод адкрывае байкерскі сезон пасля зімы
Гэтыя байкі, са словаў Матвея, рэальнасці не адпавядаюць, але карысныя хаця б тым, што прыцягваюць увагу грамадскасці да суполкі. Насамрэч, з рытуалаў у гарадзенскіх насарогаў ёсць толькі сходы, што праводзяцца раз на пару тыдняў. Гэта патрэбна, каб абмеркаваць надзённыя пытанні па мерапрыемствах, якія арганізуе клуб, ці эксплуатацыі клуб-хаўса.
Браты і сёстры
Байкерскія клубы ва ўсім свеце збіраюцца па прыкмеце пола. Гэта свайго роду брацтвы і сястрынствы. Гарадзенскія насарогі – чыста мужчынскі клуб. Жанчыны ў суполцы, “нашы другія нумары”, як іх называе Матвей, гэта тыя, што ездзяць за спіной байкераў.
Дзяўчаты ў клубе гэта “другія нумары”. Байкерскія клубы ва ўсім свеце арганзуюцца як “братствы” ці “сястрынствы”. Сумесных клубаў не існуе
Гэтыя дзяўчаты – сур’ёзная дапамога і падтрымка для байкераў. Могуць, калі трэба, і ў бойку ўмяшацца. Але асноўны ўнёсак дзяўчат у клубнае жыццё гэта арганізацыйная праца.
У блізкіх да клуба дзяўчатах байкеры бачаць і добры патэнцыял. Некаторыя з іх маюць правы і набылі ці збіраюцца набыць матацыклы. “У гэтым сезоне як мінімум чацвёра нашых дзяўчат выедуць на дарогу”. Потым, калі будзе жаданне, яны змогуць аб’яднацца ў вольную групу і з цягам часу стварыць свой клуб. Зараз насарогі сябруюць з літоўскім жаночым клубам “Феі вятроў”, падтрымліваюці мінскую жаночую байк-суполку, што зараз збіраецца ўступаць у байкерскую асацыяцыю.
“Дзяліць дарогу па палавой прыкмеце мы не збіраемся. Мудакі за стырном існуюць незалежна ад пола і ўзроста”.
Штодзённасць гарадзенскіх насарогаў
З жыцця байкерскай тусоўкі Гродна найбольш вядомы фэст “Хавайся ў бульбу”. Гэта маштабнае мерапрыемства – тая самая вяршыня айсберга, што бачна ўсім.
Калі ў горадзе збіраецца такая колькасць незвычайных людзей і дзівосных машын, то гараджанам хочацца не хавацца ў бульбу, а наадварот, выйсці з дому, каб пабачыць цікавосткі
Большая частка падзей у суполцы не выстаўляецца напаказ. Напрыклад, штогод байкеры адкрываюць летні сезон заездам па бездарожжы на старых матацыклах з апазітнымі рухавікамі – Oppozitrun. У мінулым годзе са святаром-байкерам арганізавалі тур па гістарычных храмах Гарадзеншчыны, раней ездзілі на матацыклах у Беластоцкую філармонію, зараз распачынаюць сумесную з ДАІ акцыю па прафілактыцы бяспекі руху матацыклістаў на дарогах, а разам з гарадскім цэнтрам культуры арганізавалі на яго базе клуб аматараў матацыклаў.
Фота аўтаркі і з архіва клуба