Горад засынае, прачынаюцца “чысцільшчыкі”. Як гарадзенцы ноччу цягаюць метал, каб зарабіць на жыццё

Чысцільшчыкамі называюць людзей, якія збіраюць макулатуру ці металалом, а таксама людзей, якія лазяць па сметніцах у пошуку другаснай сыравіны.

 

Андрэй цягае метал ужо трэці месяц. Ён зваршчык трэцяга разраду, але зараз знайсці працу для яго – цэлая праблема.


“Я пяты месяц стаю ў чарзе ў цэнтры занятасці. А жыць трэба ж неяк, вось і вымушаны і па сметніку лазіць, і па розных звалках. Ужо няма розніцы, як мяне завуць – чысцільшчык або бомж, я проста зарабляю сабе на жыццё“, – кажа гарадзенец.

 

Так пачынаецца ранiца Андрэя

 

Андрэй распавядае, што калі ноччу добра пастарацца, то можна цалкам нармальна зарабіць. Напрыклад, сутачная выручка даходзіць і да 350 тысяч рублёў. Мінімальная ў яго была – 50 тысяч.

 

Раней я нават і не ўяўляў, што ўначы столькі людзей працуе на смеццевых баках. Адзін бомж сказаў, што па ўсім горадзе ноччу ў пошуках металу ходзіць да 300 чалавек! Вядома, днём гэтых людзей не ўбачыш, бо яны саромеюцца, ці працуюць на ўскраіне. А калі справа даходзіць да здачы металу, то гэтыя ж людзі могуць прыехаць на добрых машынах, і не скажаш, што ён па начах ходзяць па сметніках”.

 


Аказваецца, быць чысцільшчыкам не так проста. У горадзе кожны сметнік ноччу замацаваны за пэўнай “бандай” або чалавекам. За пяць месяцаў Андрэй вывучыў ужо ўсе “сферы ўплыву”.


“Ноччу горад падзелены на тэрыторыі, у цэнтр нават сунуцца не варта. Людзі б’юцца за смецце: кардон, бутэлькі, металалом. Мы вярнуліся ў савецкія часы, калі дзялілі тэрыторыі”. Андрэй паўжартам кажа, што ў горадзе не трэба нават сартавальнага ўчастка адкрываць – людзі самі ўсё сартуюць, бо “па-іншаму не выжывеш”.

 


Па словах Андрэя, зараз многія сталі эканоміць: паперу, а асабліва металалом, ніхто проста так не выкідае. “Штодня прыязджаюць у пункт прыёму на добрых аўтамабілях і выгружаюць сыравіну”, – запэўнівае ён.


“Ёсць адна заможная пенсіянерка у якой быццам бы і грошы ёсць. Але яна таксама выходзіць ноччу і збірае крышкі ад металічных банак – ужо 8 кілаграм мае. Хiба ёй гэта справа падабаецца”, – расказвае Андрэй пра тых, каго сустракае на “працы”. На адным раёне ён сутыкнуўся са старым, які назваў сябе ветэранам вайны. “Ён кажа, што калі б ведаў, у якім становішчы апынецца, то не ваяваў бы за гэтую краіну“.

 

 

У адным з пунктаў прыёму другаснай сыравіны распавялі, што ў дзень гарадзенцы здаюць каля 200 кілаграм макулатуры і 500 кілаграм металу. Бываюць выпадкі, калі гараджане прыносяць каналізацыйныя люкі і металічныя ахоўныя краты. У такіх выпадках супрацоўнікі пунтаў вымушаныя выклікаць міліцыю ці разбірацца на месцы, адкуль чалавек прынёс гэты кавалак металу.