“Падарожжы дылетанта” перайшлі з тэлебачання ў інтэрнэт. Першы выпуск з новай серыі – пра Гарадзеншчыну
Новыя выпускі будуць з’яўляцца на сайце штотыдзень, фармат застанецца ранейшым. “Нічога не зменіцца. Праграма так і будзе доўжыцца 26 хв. Застаецца тая ж музычная застаўка ад “Старога Ольсы” ды назва “Падарожжы дылетанта”, – кажа Юры Жыгамонт.
Ужо адзнятыя чатыры новыя выпускі. Таксама на сайце будуць з’яўляцца старыя запісы, а некаторыя будуць наогул пераздымацца, бо на беларускім тэлебачанні не ўсё можна было расказаць.
Перадача “Падарожжы дылетанта” існуе ўжо 15 гадоў. Яна пачала выходзіць у 2001 г. спачатку на БТ, потым на СТВ. Агулам выйшла некалькі соцень выпускаў пра канкрэтныя вёскі і мястэчкі. У 2012 г. аўтара і вядоўца праграмы Юрыя Жыгамонта ўзнагародзілі нагрудным знакам Мінкульту “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.