Пракурор просіць для падлетка, які забіў 5-гадовага брата, 15 гадоў пазбаўлення волі. Маці не згодная

|

– Крыміналу наглядзеўся, – казаў малады чалавек літаральна праз суткі здарэння сваім сукамернікам у СІЗА.

 

12 красавіка прайшлі судовыя спрэчкі па гэтай справе. У сваёй прамове пракурор апелявала да неабвержных доказаў, сабраных у ходзе следства. Яна казала пра тое, што малады чалавек адразу пасля затрымання ў падрабязнасцях распавёў пра тое, як ён здзяйсняў гэтыя цяжкія злачынствы. Свае паказанні ён пацвердзіў і падчас следчага эксперыменту, паказваючы, як душыў маленькага брата, як біў малатком маці, як разліваў гарэлку ў зале, каб потым падпаліць кватэру. Таксама яго словы былі пацверджаны экспертнымі заключэннямі.

 

Абвінавачванне згодна з высновамі следства.

 

Нагадаем, малады чалавек абвінавачваецца па ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Наўмыснае забойства заведама малалетняга), ч. 1 арт. 14, ч.2 арт. 139 (Замах на наўмыснае забойства дзвюх асоб, у тым ліку заведама малалетняга) і ч. 2 арт. 218 (Наўмыснае знішчэнне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам).

 

У дзеяннях юнака не выявілася змякчаючых абставін. Але прымаецца пад увагу, што злачынствы ён здзейсніў, не дасягнуўшы паўналецця. У выніку абвінавачанне просіць суд прызначыць 17-гадоваму Дзянісу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 15 гадоў.

 

Гэтыя словы зала, якая была поўнай, успрыняла неадназначна. Хтосьці стаў ківаць галавой, хтосьці – абмяркоўваць з суседам тэрмін, а мама падсуднага, якая дагэтуль не верыць у віну сына, заявіла, што цалкам не згодная з высновамі пракурора.

 

Пазіцыя абвінавачання і пазіцыя пацярпелай не толькі не супадаюць, але і супярэчаць адна адной. Такая сітуацыя, па словах суддзі, здараецца вельмі рэдка, піша TUT.BY.

 

Мама паўтарае, што не памятае дакладна, хто яе біў малатком і кулакамі. Кажа пра тое, што чула незнаёмыя галасы і бачыла цені людзей. Тое, што гэта зрабіў яе сын, яна адмаўляе і вінаваціць у тым што здарылася свайго мужа, які калісьці пагражаў ёй расправай. Яна звязвае яго мінулыя словы з тым, што здарылася ў іх кватэры 19 жніўня 2015 года.

 

Адвакат у сваім выступе папрасіла суд цалкам апраўдаць Дзяніса. Маўляў, для гэтага ёсць падставы: 7 красавіка падчас аднаго са слуханняў падсудны адмовіўся ад сваіх папярэдніх паказанняў і заявіў, што ён брата не забіваў, на маці не рабіў замаху і кватэру не ён падпаліў. Усё гэта, па яго словах, зрабілі двое невядомых, якія ўварваліся ў іх жыллё. Яны прымусілі яго ўзяць на сябе віну за тое, што адбылося, і прыгразілі ў выпадку адмовы “расправіцца з бабуляй і сярэднім братам Максімам”.

 

Заўтра Дзянісу будзе прадастаўлена апошняе слова, а потым суд сыдзе ў дарадчы пакой для вынясення прысуду.

 

Сённяшняе судовае паседжанне скончылася тым, што бабуля Дзяніса прабілася праз міліцыянтаў да жалезнай клеткі, у якой знаходзіцца яе ўнук, і сказала:

 

– Мы ўсё роўна не верым, што гэта зрабіў ты.

 

Кропку ў гэтай справе паставіць суд у бліжэйшы час.