Гарадзенцы ў цэнтры занятасці: “Улады павінны праводзіць рэформы, а не проста падвышаць пенсійны ўзрост”

|

Паводле ўказу №137 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння” прадугледжваецца паэтапна штогадова падвышаць на 6 месяцаў агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост да 63 гадоў для мужчын, 58 гадоў для жанчын; аналагічна падвышаць узрост, які дае права на ільготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў; а таксама, сувымерна агульнаграмадзянскаму, паступова падвышаць узрост, які дазваляе знаходзіцца на вайсковай службе.

 

Асабліва моцна гэты ўказ закранае людзей, якія цяпер не маюць працы. У гарадзенскім гарадскім Цэнтры занятасці, паводле афіцыйных дадзеных, на ўліку звыш шасці тысяч чалавек, што ўдвая болей, чым летась. І калі раней на аднаго патэнцыйнага работніка было два месцы, то цяпер наадварот — на адно працоўнае месца па два ахвотных.

 

У Гродне на адно працоўнае месца прэтэндуюць тры чалавекі

 

— Трапіў пад скарачэнне ў будаўнічай фірме і ўжо каля трох месяцаў не магу знайсці працу, нават вакансій дворнікаў не засталося, — распавядае малады чалавек побач з Цэнтрам занятасці. — Я нават пра тую пенсію пакуль не думаю, але вось як цяпер жыць? Мая жонка нібыта перавучылася на цырульніка, а працы таксама знайсці не можа. Мы ўдвох не ведаем, што рабіць. Мы ў поўнай разгубленасці.

 

Спадар Іван мае 57 гадоў і кажа, што з ім не працягнулі кантракт на прадпрыемстве, якому ён аддаў 30 год свайго жыцця — працаваў слесарам-наладчыкам.

 

— Цяпер наогул не ўяўляю, што рабіць, а тут яшчэ пенсійны ўзрост працягнулі. Самае страшнае, што працы немагчыма знайсці, а я ўжо абхадзіў усё на свеце. Такіх, як я, не бяруць, кажуць, што патрэбныя людзі маладзейшыя. Разумею, што гэтай пенсіі мы ўжо не пабачым ніколі. І чаго яны гэтым дамогуцца? Хай бы хто з іх пайшоў і адпрацаваў на заводзе слесарам 30 год — і паглядзеў бы, ці гэта тое самае, што паперкі ў бухгалтэрыі перакладваць. Але ж пра гэта ніхто не думае… Канешне, чыноўнікі супраць такога не пратэстуюць, бо ім не трэба цяжка працаваць.

 

Спадар Валянцін мае вышэйшую ветэрынарную адукацыю, яму 47 год, па спецыяльнасці не працуе каля 10 год. Раней уладкоўваўся то вартаўніком, то яшчэ на нейкіх падсобных працах, а цяпер наогул нічога не мае.

 

— Мне казалі — едзь дзе на вёску працаваць. Але як я тут кіну кватэру, сям’ю, дзяцей? Пра гэта ніхто не думае і не хоча спачуваць. А цяпер нават не ведаю, што буду рабіць, бо ў Цэнтры занятасці наогул нічога не прапаноўваюць. Мяне найбольш турбуе нават не тая пенсія, бо я адчуваю, што да яе папросту не дацягну, колькі тое, што ў канцы году ўваляцца ў кватэру судовыя выканаўцы і пачнуць апісваць маёмасць, бо не будзе чым заплаціць падатак за так званае дармаедства. Яны ж нічога не прапаноўваюць, а толькі забіраюць.

 

А вось спадар Сяргей кажа, што дзяржава спазнілася з падвышэннем пенсійнага ўзросту.

 

— Зразумела, што насельніцтва старэе і трэба рабіць нейкія захады. Але ж хай бы рабілі рэформы, каб дадавалася працоўных месцаў, каб раслі заробкі, а не так, што мы боўтаемся па гэтых Цэнтрах занятасці, а працы знайсці не можам. Чаму дзяржава не думае пра гэта? Тут патрэбна рабіць усё комплексна, бо раз дзяржава хоча, каб людзі болей працавалі, то трэба, каб і медыцына адпавядала сённяшняму дню, каб мы маглі даўжэй жыць, каб дажывалі да гэтае пенсіі. Я вось яшчэ гляджу, як палякі імкнуцца выправіць дэмаграфічную сітуацыю — даюць “карту паляка”, заахвочваюць, каб палякі з былых постсавецкіх краін пераязджалі ў Польшчу. Чаму б нешта падобнае не рабіць беларускім уладам? Беларусаў жа столькі ў краінах СНД цяпер жыве, і многія мараць, каб вярнуцца ў Беларусь. Дык чаму ім не дапамагчы?