Гарадзенка спрабуе адрадзіць дваравы баскетбол у сваім раёне

|

“Давайце ўспомнім сваё дзяцінства і параўнаем яго з ладам жыцця нашых дзяцей. У нас былі хованкі, даганялкі, футбол і гонкі на роварах па акрузе. Ёсць што ўспомніць, і гэтыя ўспаміны самыя цёплыя. А што будуць узгадваць нашыя дзеці? Дурныя заморскія мультфільмы ці такія ж моладзевыя серыялы? Мы дажыліся да таго, што вымушаныя нашых дзяцей проста выганяць з хаты на вуліцу!”, – катэгарычна кажа Вольга. Калі ў яе раёне дзеці сабралі дваровую каманду аматараў баскетбола, то высветлілася, што гуляць няма дзе. Пляцоўка з кольцамі ўжо даўно перастала выконваць свае функцыі.

 

На пляцоўцы няма кольцаў і няма плота

 

У Беларусі актыўна абмяркоўваецца праблема здаровага ладу жыцця дзяцей і падлеткаў, будуюцца платныя трэнажорныя залы і лядовыя палацы. Аднак масавы і даступны спорт пачынаецца не з гэтага, а са звычайнага турніка або баскетбольнай пляцоўкі ў двары, парку ці ля школы.


“Мы бачым вырашэнне праблемы не ў будаўніцтве новых спартыўных пляцовак, бо гэта вельмі затратна сёння, а ў прывядзенні ўжо пабудаваных у бяспечны стан для заняткаў вулічнымі відамі спорту. Гэта будзе матываваць нашых дзяцей праводзіць больш часу на адкрытым паветры. Гэта актывізуе як фізічнае, так і інтэлектуальнае развіццё. Трэба толькі падтрымаць цікавасць дзяцей і моладзі да дваровых відаў спорту, паказаць ім годную альтэрнатыву камп’ютарным гульням і, я ўпэўненая, многія падцягнуцца”, – кажа Вольга.


Арцём і Максім, хлопцы якія гатовыя дапамагаць Вользе з яе ідэяй

 

У двары Вольгі ёсць старая баскетбольная пляцоўка, якая ўжо больш за пяць гадоў непрыдатная для гульняў. Сваімі сіламі аднавіць яе нерэальна, ды і гарадскія ўлады ўжо даўно пра яе забыліся. Вольга заявіла ідэю ў праект “Горад” і змагла прайсці ў наступны этап, дзе пазмагаецца за грошы на рэалізацыю.

 

Двое гарадзенцаў будуць удзельнічаць у рэаліці “Горад”

 

Заўважыўшы актыўныя дзеянні Вольгі, многія дзеці і іх бацькі ўжо прапанавалі жанчыне дапамогу ў рамонце пляцоўкі. Хтосьці гатовы пафарбаваць шчыты ад кольцаў, хтосьці гатовы дапамагчы паставіць плот.

 


“Мы ўпэўненыя, што рамонт нашай дваровай баскетбольнай пляцоўкі стане пазітыўным фактарам, які заахвоціць да здаровага ладу жыцця ды стварэння новых і мадэрнізацыі існуючых пляцовак. Сёння менавіта дваровая пляцоўка праз яе крокавую даступнасць можа і павінна стаць цэнтрам актыўнай спартыўна-гульнявой дзейнасці”, – кажа Вольга.