“СИМВОличное” – выстава пра каханне і асабістае жыццё Валянціны. “У гэтых працах – кажны мой дзень”, – кажа яна. У працах пераважае чорны, чырвоны і белы колеры. Чорны – любімы колер мастачкі, яна лічыць яго самым багатым і таямнічым.
На вернісажы мастацтвазнаўца Марына Загідуліна адзначыла працы з беларускім арнаментам: “Арнамент – гэта аповед пра жыццё. Зараз некаторыя з іх мы не можам прачытаць, але захапляемся іх вобразнасцю і лаканічнасцю. У працах Шобы гэтыя вобразы чытаюцца”.
Павіншаваць мастачку з адкрыццём выставы і днём нараджэння прыйшлі мастацтвазнаўца і сябра Беларускага Саюзу мастакоў Марына Загідуліна, старшыня Гродзенскага аддзелу Беларускага саюзу мастакоў Мікалай Бандарчук, намеснік старшыні Таварыства польскіх мастакоў на Беларусі Генадзь Піцко, Генеральны консул Літвы ў Гродне Генадзіюс Мацкеліс і консул Польшы па справах адукацыі і культуры Лешэк Ванат. Песні пра Гродна заспяваў “яе любімы” Віктар Шалкевіч.
Прэмія Тэйлара – прэстыжная французская ўзнагарода ў вобласці мастацтва. Уручаецца штогод у двух кірунках – жывапісе і скульптуры. Прадстаўнікі нашай краіны прэмію Тэйлара атрымалі ўпершыню. Ніжэй – карціна, за якую Валянціна Шоба яе атрымала.