Праект «Чытаем па-беларуску з Velcom» ахопіць усе рэгіёны Беларусі

|

Плануецца, што праект ахопіць у агульнай колькасці 150 школ па ўсёй Беларусі, і больш 15 000 вучняў пачатковых класаў атрымаюць  дадатковыя веды па роднай беларускай мове, літаратуры і культуры. Настаўнікі праекта – вядомыя беларускія пісьменнікі, акцёры і тэлевядучыя: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юры Жыгамонт, Таццяна Сівец, Алена Масла. Падчас урокаў у абласных і раённых цэнтрах вучні змогуць не толькі пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі,  але і атрымаюць практычныя навыкі роднай мовы ў захапляльнай форме. Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

 

«Сацыяльны праект «Чытаем па-беларуску з velcom» пачаўся ў кастрычніку 2015 года. Удзел у ім ужо прынялі больш за 4000 школьнікаў , – каментуе начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў.  – І гэтыя ўрокі паказалі, што такі фармат заняткаў па-сапраўднаму запатрабаваны і прыносіць дзецям не толькі веды, але і пазітыўныя эмоцыі.  Высокую адзнаку «Чытаем па-беларуску з velcom» далі і эксперты – на III штогадовай прэміі ў вобласці карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці праект быў прызнаны лепшым у катэгорыі «Адукацыя».

 

 

Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Юлія Ваніна адзначыла: «Мы вельмі радыя, што адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom» выходзіць у рэгіёны. Гэта азначае, што ініцыятыва падтрымана не толькі дарослымі, але, галоўнае, цікава дзецям. Вельмі важна фарміраваць культуру чытання і прывіваць любоў да кнігі малодшым школьнікам. І мы вельмі спадзяемся, што да праекта далучацца і іншыя беларускія пісьменнікі, публіцысты, баечнікі і паэты».

 

Пісьменніца, паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравіковападзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў праекце: «Для пісьменніка ўдзел у праекце – гэта магчымасць дапамагчы настаўнікам адкрываць для дзяцей чароўны свет роднай мовы і літаратуры, пашыраць далягляд і асабіста знаёміць дзяцей з творчасцю беларускіх літаратараў. Пасля першых заняткаў праекта «Чытаем па-беларуску з velcom»  у Мінску вучні і настаўнікі пакінулі выдатныя водгукі. Тамуцудоўна, што праект працягваецца: на мой погляд, кампанія velcom пачала вельмі патрэбны праект для школ нашай краіны».

 

 

Галоўная задача сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» – падтрымаць і развіць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры ў малодшых школьнікаў. Спецыяльна для праекта былі распрацаваныя інтэрактыўныя ўрокі.