Гурт The Prodigy зацаніў татуіроўкі гарадзенца
Для Сяргея сустрэча з The Prodigy стала ці не самай яркай падзеяй у жыцці.
“Перад канцэртам да мяне падыйшлі Ліам і Максім [музыка і саліст групы] і сказалі, што ў мяне вельмі крутыя татуіроўкі. Вядома ж, яны са мной сфатаграфаваліся. Мне было вельмі прыемна”, – кажа хлопец.
“У пачатковай школе я пачаў слухаць The Prodigy, “Руки вверх” і ўсялякія папсовыя групы. Менавiта ў тыя гады я палюбіў электронную музыку. На адной з гарадзенскіх вечарынак я пачуў трэк “Voodoo people”. Гэта і стала пачаткам майго захаплення гуртом”, – кажа Сяргей.
Спачатку ён купляў касеты і вопратку з сімволікай гурта, а потым прыйшоў час татуіровак. Сяргей пачаў наносіць на сваё цела малюнкі, звязаныя з Prodigy, у 18 гадоў. За дзевяць год яны запоўнілі ўвесь торс і рукі. На яскравыя колеры акурат і звярнулі ўвагу музыкі.
Дарэчы, сустрэцца з музыкамі Сяргей хацеў яшчэ на першым іх канцэрце ў Беларусі ў 2009 годзе, але тады нічога не атрымалася. Новыя татуіроўкі бліжэйшым часам набіваць ён не плануе, бо і тыя што ёсць каштавалі вялікіх грошай. А вось на білеты на любімы гурт, калі той яшчэ раз прыедзе ў Беларусь, хлопец грошай не пашкадуе.
У Сяргея ёсць праблемы з вымаўленнем, а музыка The Prodigy, па яго словах, дае яму стымул развівацца. “Група не звяртае ўвагу ні на што. Некаторыя людзі на іх канцэртах проста стаяць у куце і пры гэтым добра праводзяць час. Таксама і я – магу пастаяць у адзіноце, а магу і павесяліцца. Факт у тым, што гэтая музыка дапамагае жыць”.
align=”” width=”725″ height=”484″ >
Сяргей патрапіў і ў аб’ектыў фатографа TUT.BY