«Я буду!» ці Апошняя споведзь

|

Засталася толькі самотная памяць аб дзяўчыне, якая ішла па жыцці смеючыся, але чыіх слёз не бачыў ніхто… Застаўся дзённік, які яна аддала мне.

 

«…Першае сапраўднае каханне…Напэўна, яно запамінаецца кожнаму чалавеку. Для мяне яно асаблівае: яно першае і апошняе. Мне было 16, яму— 23. Сустракаліся амаль год, некаторы час нават жылі разам. А потым ён раптам знік, проста знік. Перажывала. Але была яшчэ дурніцай. Перад паступленнем ва ўніверсітэт праходжу медыцынскі агляд, і толькі смутнае прадчуванне чагосьці нядобрага засела ўнутры і не дае спакою. Дрэнныя аналізы, паўторны агляд і тэсты, у выніку— у мяне знайшлі ВІЧ. Я добра памятаю той момант, калі мне сказалі аб гэтым: усё перад вачыма паплыло, сам доктар пачаў аддаляцца, голас яго ператварыўся у гул, які станавіўся усё цішэй і цішэй. Усё было ў тумане, унутры – пустата і абыякавасць да ўсяго, нават да свайго нешчаслівага кахання. У свеце засталіся толькі я і мая хвароба. А потым з`явіўся страх, жывёльны, апусташальны страх перад будучым, страх смерці. Я проста сыходзіла з розуму, не ведала, куды сябе дзець, што мне рабіць і галоўнае – як жыць далей.

 

Вельмі шкада бацькоў, для іх гэта было сапраўдным выпрабаваннем. Я добра памятаю маміны вочы ў той момант, калі ёй сказалі мой дыягназ…Я аддала бы ўсё на свеце, каб толькі не прычыняць ей такі боль. Лепш адразу памерці, чым глядзець на пакуты сваіх блізкіх. Слава Богу, я не адзінае дзіця ў сям`і, а то яны б нават не ведалі, для чаго жыць далей. Бацька ў першы момант хацеў знайсці і забіць майго «каханага», але потым узяў сябе ў рукі.

 

Я вельмі ім удзячная: бацькі падтрымлівалі мяне, не пакінулі адзін на адзін з сабой.

 

Узнікалі ідэі самагубства. Але, напэўна, я стала крыху разумнейшая, каб перастаць прасіцца на той свет як мага хутчэй. У галаве пачалі круціцца думкі. Я ёсць?.. Але куды знікла тое поўнае адчуванне ўсёй сябе, якое раней заўсёды было? Нешта тут няправільна. Я хачу яшчэ быць… Я яшчэ ёсць!

 

Ва мне прачнулася мая дзіцячая ўпартасць. Я вырашыла ісці насуперак ўсяму бязлітаснаму свету, я зненавідзела Бога, таму што не разумела, за што ён мяне так карае? Я ненавідзела іншых людзей, тым больш тых, якія лезлі са сваімі парадамі, сваім спачуваннем. Я ненавідзела іх за тое, што яны БУДУЦЬ ЖЫЦЬ, будуць радавацца сонцу, шчасцю, будуць кахаць і верыць у будучыню. А што засталося мне? У што верыць?..

 

Гэты перыяд хутка прайшоў. Я зразумела, што так жыць нельга, тым больш, калі твой век ужо злічаны. Навошта траціць каштоўныя моманты, апошнія хвіліны жыцця на нянавісць і зло? Я ж заўсёды хацела стаць крышку лепшай.

 

Я пачала хадзіць у касцёл. Раней я рабіла гэта не часта, але зараз мне гэта вельмі дапамагала. Мне было сорамна за ўсе мае злыя думкі, і я хацела знайсці прабачэнне і спакой.

 

Я пачала займацца валанцёрскай дзейнасцю. Мне вельмі хацелася паспець заставіць хоць нейкі след ад майго жыцця, каб я засталася ў памяці іншых людзей, а значыць, яшчэ працягвала існаваць. Мне да болі хацелася жыць, існаваць, кахаць і быць каханай…Як цяпер быць?

 

На людзях я трымалася малайцом, звыклым стала апранаць маску спакою на твар. Але часта па начах я не магла стрымаць слёз і супакойвалася толькі пад раніцу. Як жа мне страшна!..

 

Мяне вельмі падтрымліваюць сябры. Яны выцягвалі мяне з псіхозаў, прабачалі мне мае выбухі і выхадкі, заўсёды нехта з іх быў побач са мной, мяне «выганялі» на святы і дыскатэкі, з імі мы пускаліся ў вандроўкі і траплялі ў непрыемнасці, і што самае галоўнае, – да мяне не адносіліся як да хворай. Мае сябры, як жа я ўдзячна вам!

 

Я чытаю кніжкі тых аўтараў, якіх калісьці хацела пачытаць, ды вось толькі ніяк не атрымлівалася. Цяпер гэта для мяне мела некалькі іншы сэнс, я стала па-іншаму глядзець на свет. І мне ўжо не было так страшна…

 

Я запісалася на курсы па фотаздымку. Гэта аказалася настолькі захапляльным, што я забывалася пра ўсе свае праблемы. У часы, калі я хадзіла здымаць, існавалі толькі я, свет і аб`ектыў камеры. Усе сцены ў маім пакоі завешаны фотаздымкамі… А колькі я іх падаравала!

 

Летам бацькі здзейснілі маю мару: я з`ездзіла ў Венецыю. Мае адчуванні цяжка перадаць словамі, і хоць страх ужо сцішэў, на душы была туга…

 

Цяпер я жыву як звычайны чалавек: вучуся на завочным аддзяленні ўніверсітэту, працую ў бацькавай фірме сакратаром. Хажу ў дзіцячы дом і гуляю з дзецьмі, прыношу ім падарункі. Калі я знаходжуся побач з дзецьмі, у мяне чамусьці зжымаецца сэрца і перасыхае ў роце, але мяне цягне да іх, і я не магу адказаць сабе ў гэтым, хоць потым і плачу ў падушку ўсю ноч…

 

Я – жывы чалавек, які таксама імкнецца да шчасця. Мне патрэбна надзея, але не на цудоўнае выратаванне, а на разуменне, на тое, каб у мяне не адбіралі майго апошняга шансу заставацца чалавекам. Самае страшнае для мяне— гэта страціць свой чалавечы твар, стаць жывёлай, раслінай, якая існуе, але не жыве. Я не хачу дажываць, я хачу жыць…»