Ад 4 да 82 гадоў. У Гродне прайшоў этап сусветнага рэйтынгу па спартыўным арыентаванні

|

Першы дзень удзельнікі праходзілі этап у вёсцы Прыгодзічi. Там яны беглі класічную дыстанцыю. Дарэчы, арганізатары рыхтавалі пляцоўку на працягу паўгода. Спартоўцам і аматарам прыйшлося сур’ёзна папацець, каб пераадолець цяжкую дыстанцыю.

 

У другі дзень спаборніцтвы працягнуліся на тэрыторыі парку “Алімп” у Каробчыцах. Там удзельнікі Кубка змагаліся ў спрынтэрскай дыстанцыі. У намётавым мястэчку для ўдзельнікаў было падрыхтавана ўсё: біяпрыбіральні, гарачы душ, электрычнасць і месцы для мыйкі ровараў. Гэта стандартны сэрвіс на спаборніцтвах, які павінен быць.

 

У трэці і заключны дзень спаборніцтваў праходзіў этап па велаарыентаванні. За гэтай падзеяй маглі назіраць і шматлікія гарадзенцы, бо ўся барацьба праходзіла ў самым цэнтры Гродна.

 

 

Пасля дыстанцыі ўдзельнікі пагутарылі з прэсай і выказаліся аб спаборніцтвах у Гродне.


“Я прыехаў з Масквы і вельмі задаволены спаборніцтвамі ў Гродне. Было складана і пазнавальна. Я прымаў удзел і ў Партугаліі, і Славакiі, і шчыра скажу, што Беларусь у арганізацыі не адстае, а можа нават дзесьці і будзе лепш”, – адказаў госць з Расіі Сяргей.


“У Гродне не першы раз удзельнiчаю у спаборніцтвах, але ў гэтым годзе цяжэй за ўсё. Узровень чэмпіянату сур’ёзна расце і гэта добра. З кожным разам усё больш і больш удзельнікаў”, – кажа Андрэй з Зяслаўля.

 

Лічбы чэмпіянату

 

Усяго было заяўлена больш за 600 удзельнікаў. Самай малодшай удзельніцы “Кубка Гродна” было ўсяго чатыры гады. Таксама выступала 15 мужчын старэйшых за 60 гадоў. Настарэйшаму, Генрыху Заборскаму, які прыехаў з Пяцігорска (Расія), споўнілася 82 гады. Тэрміновую службу ў войску ён праходзіў 60 гадоў таму ў Барысаве. Тады ж на першай Усебеларускай спартакіядзе ён бег 5000 метраў. Ён і дагэтуль аддае перавагу бегу і спартыўнаму арыентаванню.