Ліквідатарка чарнобыльскай катастрофы: “Усё ўзгадваецца, дастаткова заплюшчыць вочы”
На вуліцы Матросава ў Вялікай Бераставіцы на месцы былога маёнтка графа Касакоўскага ёсць двухпадʼездны дом, які на пачатку 90-х гадоў збудавалі перасяленцы з чарнобыльскай зоны. Яго дагэтуль так і называюць — “чарнобыльскі”. Тут жывуць перасяленцы з раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей, якія на пачатку 90-х гадоў выказалі жаданне перасяліцца з забруджаных тэрыторый на Гарадзеншчыну.
Спадарыня Тэрэза з Хойнікаў, як і іншыя мае суразмоўцы, чамусці зусім не хоча гаварыць пра цяперашняе жыццё — маўляў, такое, як і ўва ўсіх: яна з мужам на пенсіі, а дзеці выраслі ды паразязджаліся хто куды. А вось мінулае ўзгадваецца — і, кажа спадарыня Вера, хоць прайшло ўжо 25 год, але ўсё як учора.
— Мы пакідалі тады з сямʼёй практычна новы дом, пяць гадоў як збудавалі і нават не паспелі ў ім нажыцца. Ехалі толькі таму, што хварэлі дзеці. Пашэнціла, што тут жыла мая радня, бо мы пабывалі на Віцебшчыне, Міншчыне, а там то не было працы, то жылля — і таму вырашылі прыпыніцца тут. А тут мужчынам-перасяленцам прапанавалі арганізаваць брыгаду і збудаваць дом. Вось дагэтуль тут і жывём. Жылі як адна сямʼя, бо радні ні ў кога не было. Вялікай помачы ад дзяржавы тут не мелі, давялося нават прывозіць сваю маёмасць з Хойнікаў, бо тады на ўсё былі чэргі: і на мэблю, і на лядоўні, і на тэлевізар. Шкада, вядома, што ільготы паздымалі, бо якраз цяпер бясплатныя лекі і патрэбныя для нас.
Спадарыня Вера распавядае, што хоць і лічылася ліквідатаркай, але ільготамі асабліва не карысталася, як і іншыя — проста жылі і зараблялі сваёй працай. Ім нават лецішчы далі ў адным месцы, і там імкнуліся разам працаваць.
А вось спадарыня Наталля пераехала з Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Дадае, што вельмі добра тады да іх ставіліся мясцовыя людзі, бо ўсе разумелі іхнюю бяду.
— Мы таксама пераехалі толькі з-за таго, што дзеці нашы пасля аварыі пачалі хварэць, і гэтага я баялася найболей. А тут ужо праз месяц яны сталі зусім іншыя, здаравейшыя. І з пуцёўкамі на аздараўленне нам заўсёды дапамагалі. Ведаеце, я, канечне, заўсёды ўзгадваю сваю радзіму, але лічу, што мне пашэнціла, што мы тады трапілі сюды. Вядома, гэтыя пераезды былі няпростыя, але дзецям здароўе захавалі.
Спадарыня Вера кажа: пра нешта ў жыцці цяпер шкадаваць не выпадае, таму што большая частка яго пражытая, але вось свой родны кут ніколі не забываецца.
— Мне ўсё роўна дагэтуль сніцца свой дом, свой дворык зялёны, траўка, кветачкі, дзеці малыя бегаюць… А цяпер нас там ніхто не чакае, бо практычна нікога няма. Ездзім хіба што толькі на пахаванне. Хаця, як ні дзіўна, тыя людзі, хто там застаўся, выглядаюць не горш за нас. Адзінае, яны не перанеслі ўсе гэтыя цяжкасці, калі даводзіцца мяняць родны куточак. Але, з іншага боку, ніколі не забуду, што тады прыходзіш забіраць дзіця ў садок, а яе сяброўкі бягуць і кажуць, што ў Алёнкі кроў з носа пайшла… А тут мы ўжо ўнукаў маем і стараемся жыць далей…
Цікаўлюся ў маіх суразмоўнікаў — як яны ставяцца да будоўлі атамнай станцыі ў Астраўцы? Спадарыня Вера нехаця адказвае, што ўлады абяцаюць зрабіць яе бяспечнай, цяпер новыя тэхналогіі, а да станцыі ад нас амаль 300 кіламетраў…
А вось ейны сын Аляксандр больш упэўнена дадае:
— Ведаеце, я пра гэта вельмі моцна адпачатку задумваўся, бо мне давялося пакінуць радзіму ў чатыры гады. І цяпер у мяне растуць дзеці, і я, вядома, баюся гэтага, што б там хто ні казаў. Надта моцна ўсё залезла ў памяць…
А вось спадарыня Таісія з сямʼёй пераехала з мужам і двума дзецьмі з Гомеля. Яна кажа, што тады прынялі адназначнае рашэнне, каб перасяліцца, бо думалі толькі пра дзяцей і іх здароўе. Кажа, што пра сучаснае жыццё не мае што казаць: нічым не адрозніваецца яно ад таго, як жывуць іншыя.
— Мы ў новай трохпакаёвай кватэры нават году не пражылі, вырашылі ехаць. Я працу добрую мела на “Гомсельмашы”, інжынерам была, і ўжо адпачатку інфармацыі мела больш, чым звычайныя людзі. А Гомель ніхто эвакуаваць не збіраўся. Тады быў такі закон, што можна было забраніраваць кватэру, калі пераязджаеш у сельскую мясцовасць. Наш знаёмы проста паглядзеў на мапу, пабачыў самы заходні гарадок і сказаў, што трэба ехаць туды.
Спадарыня Таісія пасля Чарнобыльскай катастрофы перасялілася з сямʼёй з Гомеля ў Вялікую Бераставіцу
Паводле спадарыні Таісіі, яе характару было вельмі цяжка змірыцца з пераездам, а муж успрыняў усё спакойна. Праўда, пасля гарадской кватэры апынуліся ў вясковым доме з печкай, без гарачай вады і іншых выгодаў у хаце. Але не спалохала і гэта: знайшлі працу, дзеці пайшлі ў школу, паціху жылі.
— У нас усё местачкоўцы дапытваліся: як гэта вы пакінулі кватэру з выгодамі і прыехалі на вёску? А я ім адказвала: хочаце, каб вашы дзеці былі здаровыя, то і не такое зробіце. Не забуду, як нас тады на 1 траўня пагналі на тую дэманстрацыю. Цяпер разумею, што ўлады былі ў поўнай разгубленасці, ніхто не ведаў, што рабіць у той сітуацыі. Пазней пачалі ёд піць, вокны зачыняць, слухаць абʼявы па радыё і г.д. Практычна ўсе габрэі з’ехалі адразу з Гомеля, прычым пакідалі ўсё: кватэры і тое, што было ў кватэрах. Дарэчы, гэта вельмі паўплывала на рашэнне нашай сямʼі пераехаць.
Спадарыня Таісія кажа, што дзеці цяпер уладкаваныя, яна жыве з мужам. Сувязь з радзімай падтрымлівае, ездзіць туды. Засталася там яшчэ маці і іншая радня.
— Я цяпер думаю, што і там хварэюць людзі, і тут таксама. А як паўплываў гэты Чарнобыль на людзей, нам ніхто толкам не кажа. Вось мой муж цяпер у шпіталі — у яго анкалогія. Цяпер я, можа, адтуль бы не паехала, але вельмі добра памятаю мае пачуцці ў той час: інакш з дзецьмі я паступіць не магла… Людзі тады многія ехалі куды маглі, часам нават не ведалі, што і як рабіць. Зрэшты, і цяпер з наступствамі Чарнобыля нічога канкрэтна не вядома, і ніхто толкам нічога людзям не кажа. І вось цяпер, калі пачалі будаваць у нас атамную станцыю, у мяне, калі я пра гэта чую, заўсёды дрыжыць сэрца.
А вось карэнны жыхар Вялікай Бераставіцы Алег Рамашкевіч узгадвае, як будавалі “Чарнобыльскі” дом, як сам некаму дапамагаў прывозіць з забруджанай тэрыторыі рэчы. Кажа, што колькі жылі побач, ніколі праблемаў не мелі.
— Разумею, як няпроста было пакідаць людзям родныя хаты, яны шмат перажылі тады і перахваляваліся. Але з цягам часу неяк пачалі жыць, усё тут на вачах, як кажуць. І я павінен сказаць, што заўсёды з мясцовымі было ўзаемаразуменне. Гэта абсалютна нашы людзі, нашы беларусы, якія ад нас нічым не розняцца, я ў гэтым за гады пераканаўся.