Гарадзенец з ДЦП, якому забаранілі кіраваць аўто, ізноў паспрабуе прайсці медкамісію

Хацеў працаваць – страціў правы

 

Сям’я Зіміных набыла машыну ў 2011 годзе. Тады ж Аляксандр пайшоў у аўташколу. Першую медкамісію ён прайшоў паспяхова, нягледзячы на дыягназ – ДЦП. У тым жа годзе Аляксандр атрымаў пасведчанне кіроўцы і тры гады ездзіў без парушэнняў. А пазней дадаткова прайшоў курсы контраварыйнага кіравання.

 

З цягам часу Зіміны зразумелі, што машына “з’ядае” сямейны бюджэт і не прыносіць даходу. Тады Аляксандр вырашыў атрымаць даведку з правам працаваць кіроўцам. Раённая і абласная медкамісіі такога дакумента не выдалі ды прапанавалі абскардзіць рашэнне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі.

 

– Я чакаў туды выкліку, але яны прынялі рашэнне без майго удзелу. На аснове маіх захворванняў і рашэння абласной камісіі мне наогул не выдалі ніякай даведкі. У РНПЦ не бачылі мяне і не ўяўлялі, што я магу, – абураецца Аляксандр.

 

 

Толькі пасля таго, як Аляксандр напісаў зварот у Адміністрацыю прэзідэнта, яго запрасілі ў РНПЦ, дзе яго агледзеў кожны спецыяліст асобна. Але на паседжанне самой камісіі яго не пусцілі. Туды ён прыехаў з пачкам дакументаў, якія паказваюць яго магчымасці. На іх нават не сталі глядзець.

 

Прыдатнасць павінны правяраць на практыцы?

 

Аляксандр лічыць, што праверка ў РНПЦ не дае поўнай карціны: “Калі чалавек атрымлівае правы, спецыяліст з ДАІ глядзіць, наколькі ўпэўнена ён паводзіць сябе за рулем. Калі у чалавека забіраюць пасведчанне, правяраюць, як ён стаіць на адной назе і як дастае рукой да носа. Пастаўце вучэбны аўтамабіль і паглядзіце, як ён ездзіць!”

 

Аляксандр пералічвае свае магчымасці:

 

– Я на роўных са здаровымі людзьмі праязджаю дзясяткі кіламетраў па перасечанай мясцовасці на ровары, удзельнічаў у міжнародных веламарафонах, з’яўляюся валанцёрам у атрадзе “ЦэнтрСпас”, і групе аператыўнага рэагавання Чырвонага Крыжа, пішу музыку на гітары і клавішах. Чаму яны не бяруць у разлік рэальныя здольнасці чалавека?

 

 

– Ва ўсім свеце ездзяць бязногія, бязрукія, старыя. А ў нас за руль не пускаюць. Час змяняць гэтую сістэму і змяняць адносіны да інвалідаў. Час забыць, што яны сядзяць дома і атрымліваюць пенсію. Яны ўжо выбіраюцца кудысьці,  ездзяць, нават з парашутам скачуць! – абураецца жонка Вольга.

 

Аспрэчыць рашэнне Аляксандр вырашыў у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Але ўжо пры праходжанні медкамісіі ў раённай паліклініцы неўролаг пачала спасылацца на дапаўненні да пераліку захворванняў, якія не даюць права кіраваць аўтамабілем. Праўда, якія менавіта захворванні і дзе іх можна знайсці, яму не сказалі.

 

У медкамісіі ў Гарадской паліклініцы №1 “Твой стыль” заверылі, што пры праходжанні медкамісіі кожны доктар адказвае за пэўнае захворванне і менавіта ён робіць выснову.

 

Без машыны “зляцела” грамадская дзейнасць

 

Цяпер Аляксандр будзе наноў праходзіць медкамісію, пачынаючы з раённай паліклінікі, і паўсюль патрабаваць адказы, згодна з якімі пунктамі заканадаўства і якімі медыцынскімі паказчыкамі ён не можа мець пасведчання кіроўцы.

 

Калі не атрымаецца вярнуць правы, Аляксандр хоча атрымаць канкрэтныя адказы на пытанне “чаму”: “Я хачу, каб да ўвагі прынялі ўсе аспекты, а не стандарты і шаблоны. А да справы каб былі падшытыя рэальныя паказчыкі і магчымасці”.

 

Без машыны ў чалавека з абмежаванымі магчымасцямі “зляцела” грамадская дзейнасць. У свой час Аляксандр развозіў гуманітарную дапамогу перасяленцам з Украіны па ўсёй Гродзенскай вобласці. Тую ж гуманітарную дапамогу ён сам грузіў. Раней Аляксандр дапамагаў з агучкай сцэны на канцэртах і развозіў сваю апаратуру. Дапамагаў з канцэртамі і ў антыкафэ “Жывы час” і ў Музеі гісторыі рэлігіі.

 

 

 

Хоча працаваць – не даюць

 

Калі не атрымаецца вярнуць правы, Аляксандр збіраецца патрабаваць кампенсацыю за навучанне ў аўташколе і школе контраварыйнага кіравання. А таксама хоча вярнуць другую групу па інваліднасці, якую яму замянілі на трэцюю. Ён лічыць, што ў свой час трапіў пад “скарачэнне льготнікаў” – прынамсі, яму на МРЭК наўпрост так і сказалі. Пасля замены другой групы на трэцюю пенсія па інваліднасці стала ў два разы меншай. “А паколькі здароўе па ўказу Мінздрава не паляпшаецца, то абмежаванні па працаўладкаванню засталіся тыя ж”, – расказвае Аляксандр.

 

З вылікам аліментаў, яго пенсія складае 925 тыс. Гэта каля 45 даляраў. Сямейны бюджэт Аляксандра і Вольгі – каля 3 млн. Некалькі тысяч долараў Зіміны згубілі на продажы аўтамабіля – машыны за апошнія гады толькі таннелі. У Аляксандра два дзіцяці ад першага шлюбу. “А дзе ён возьме, каб дзецям больш было? Хоча працаваць – не даюць”, – кажа Вольга. У Аляксандра шмат навыкаў – аператар ЭВМ, прадавец, кіроўца, ён скончыў школу контраварыйнага кіравання, школу журналістыкі, курсы масажу. Праўда, працаваць масажыстам без сярэдняй медыцынскай адукацыі ён не мае права. Працадаўцаў часам адпужвае знешнасць Аляксандра і кепская дыкцыя.

 

Нягледзячы на тое, што Аляксандр называе сябе патрыётам, ён згодны з’ехаць на заробкі ў Расію. Там кіроўца з беларускім пасведчаннем і дакументамі аб контраварыйных курсах можа знайсці добра платную працу.

 

Зараз Аляксандр хоча заняцца фатаграфіяй і паступова “абжываецца” тэхнікай. Але не можа плаціць кожны месяц падаткі – 700 тыс. Новы чалавек у гэтай сферы рызыкуе застацца без кліентаў.

 

 

 

Каментарый юрыста

 

– Міжнародная практыка паказвае, што такія людзі як Аляксандр маюць права кіраваць транспартным сродкам пры пэўных умовах: мець фізічную магчымасць кіраваць, не ствараючы пагроз. Прасцей кажучы, даказаць, што ён можа ехаць і рэагаваць на экстраныя сітуацыі.

 

У нас медыкі “перастрахоўваюцца”. Гэта з-за таго, што пачасціліся выпадкі, калі медыкаў спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за тое, што яны дапусцілі чалавека да кіравання аўтамабілем.  Такі прыем выкарыстоўваюць некаторыя юрысты, каб “адмазаць” кіроўцаў, вінаватых у сур’ёзных ДТЗ, і вызваліць іх ад крымінальнай адказнасці. Фактычна, медыкі не жадаюць браць на сябе адказнасць.

 

У еўрапейскай практыцы выдача пасведчання кіроўцы для такой катэгорыі людзей індывідуальная. Праводзіцца камісія, якая разгледжвае кожную справу без шаблона “прыдатны-непрыдатны”. Фармальна, такія камісіі збіраюцца і ў нас. Але на практыцы гэта адказ па дыягназу. Камісія не ўнікае ў сутнасць справы і праблемы, а забараняе, засцярогшы сябе ад адказнасці. У Беларусі няма магчымасці аспрэчыць вынікі гэтай камісіі ў юрыдычным парадку, бо камісія – найвышэйшы орган і не прыймае аргументаў незалежных экспертаў.