Сышоў з бізнесу і стаў фермерам. Сям’я Вавілавых пра натуральныя прадукты і іпатэрапію

Злёгку выбоістая дарога “змейкай” вядзе да маляўнічай паляны. Вакол звонкая цішыня і стройныя бярозы. Менавіта сюды, у схаваны сярод лесу вясковы дом недалёка ад Скідзеля, дзесяць гадоў таму з горада перабралася сям’я Вавілавых. Пераезд цалкам змяніў лад жыцця былых гараджан. У сядзібе Оснікі яны вырабляюць хатнюю смятану, масла і сыры, вырошчваюць гародніну на хольцеровских градках і катаюць на конях дзяцей з асаблівасцямі.

 

Сышоў з бізнесу і стаў фермерам

 

– Мы хацелі, каб наша сям’я былі максімальна блізкая да прыроды і здаровага ладу жыцця. Як толькі з’явіліся дзеці, паўстала пытанне, дзе гуляць з каляскай, у якую пясочніцу пасадзіць дзіцяці. Ды ўвогуле, куды дзявацца? Мы купілі лецішча пяць сотак, але гэта мала што змяніла. Дача, па сутнасці, той жа шматпавярховік, – заўважае Антаніна Вавілава.

 

Думка аб уласным кавалку зямлі надзейна засела пасля бэстсэлера Мегрэ “Анастасія”, які муж і жонка прачыталі разам. Ідэя гектара зямлі і радавога маёнтка стала адпраўной кропкай для пошуку свайго месца. Выпадкова паехаўшы за грыбамі, муж і жонка натыкнуліся на невялікую вёску. Месца спадабалася. Прадалі кватэру, два гаражы, дачу і памянялі гарадскі камфорт на вясковую хатку з печкай. Сяргей Вавілаў сышоў з бізнесу і разам з жонкай пагрузіўся ў фермерскія будні.

 

 

– Тут усяго было, можна сказаць, “тры” хаты. У набытым доме 15 гадоў ніхто не жыў, трава вакол была да пояса. Ад ранейшага гаспадара застаўся толькі хлеў і ядлаўцовая загарадзь. Мы купілі, па сутнасці, “канструктар”.

 

Праўда, праз тры гады вясковая ідылія азмрочылася меліярацыяй. Прырода гінула на вачах.

 

– Выкарчаваныя дрэвы клалі штабелямі, як трупы. Вы можаце ўявіць, што гэтыя равы былі цалкам парослыя дрэвамі. Побач жылі казулі, бабры, – Сяргей Вавілаў паказвае на голыя палі побач з домам.

 

 

Першую карову купілі на апошнія грошы

 

Па двары сядзібы Оснікі разносіцца шматгалоссе курэй і індыкоў, адзіны гусь парушае спакой грозным шыпеннем. Гаспадарка немаленькая: шэсць коней, шэсць кароў, бараны, авечкі, козы. У асноўным сям’я жыве тым, што выгадавала на зямлі, без дадання угнаенняў і хімікатаў.

 

– Коні – гэтая наш гонар. Але паступова праходзіць эйфарыя і разумееш, што трэба неяк зарабляць грошы. Коні – гэта больш душа, – усміхаецца Сяргей.

 

 

Сям’я ўспамінае, як сімвалічна купілі першую карову:

 

– Ішоў чарговы крызіс, у нас заставалася тысяча долараў. Едзем дадому, а бабуля праз дарогу вядзе карову з цялём. Мы вырашылі спытаць, раптам прадае цяля. А яна пачала прасіць забраць разам з каровай, кажа, “кладуся ў бальніцу, за гаспадаркай няма каму прыглядзець”.

 

Цяпер у Вавілавых шэсць кароў – Дораці, Мурашка, Раберта, Пені, Мілка і Клэр. Ёсць козлік Альгерд (у школе дзеці праходзілі гісторыю ВКЛ), каза Васіліса. Дарэчы, адзіная свінаматка сілкуецца… сыроваткай. Можа быць, таму выглядае нязвыкла выпешчанай і акуратнай.

 

 

Крамная смятана не прайшла тэст

 

Для пачатку сям’я паставіла задачу навучыцца рабіць натуральныя прадукты для сябе і дзяцей. Рэцэпты вышліфоўваліся метадам спроб і памылак. Больш за ўсё эмоцый у Антаніны было ад першага масла хатняга прыгатавання – успомніўся забыты смак дзяцінства. Паступова навучылася рабіць тварогавы казіны сыр, адыгейскі, маскарпонэ. Дарэчы, жывёл вырошчваюць без камбікармоў і біядадаткаў, на свабодным выпасе. Хатнюю жыўнасць дакормліваюць збожжам і гароднінай. Рэцэпты малочных прадуктаў немудрагелістыя і таму самыя натуральныя. Да прыкладу, маскарпонэ рыхтуецца з вяршкоў, знятых з малака. Дадаецца яблычны воцат і маса даводзіцца да тэмпературы 70-80 градусаў. Пасля згортвання адціскаецца лішняя вільгаць і фармуецца сырны шарык.

 

– Мы ўжо і не памятаем смак крамных прадуктаў. Неяк правялі эксперымент – капнулі ёд у самую тлустую смятану аднаго з вытворцаў. Смятана стала адразу цёмна-сіняй – хутчэй за ўсё, дададзены крухмал. Хатняя смятана ніколі не памяняе колер.

 

За натуральнымі прадуктамі прыязджаюць сем’і, у якіх дзеці-алергікі, і бабулі з суседніх вёсак. Большая частка разыходзіцца праз інтэрнэт-магазін экалагічных прадуктаў. Трапіць у гандлёвыя крамы складана – у Беларусі няма мясцовых сертыфікатаў для экалагічнай прадукцыі. Атрымаць еўрапейскі сертыфікат – працэдура дарагая і павольная.

 

Пакатацца на конях прывозяць дзяцей з ДЦП і аўтызмам

 

У хатнім агародзе Вавілавы пераймаюць ідэі горнага фермера з Аўстрыі Зеппа Хольцера. Яго методыка нестандартная: ён кладзе насенне розных культур у вялікае вядро, змешвае іх, а затым сее.

 

– Выгадаваць такім спосабам для свайго стала самую простую гародніну – лук, часнык, бульбу, агуркі цалкам рэальна. Хольцер лічыць, што ўсе хваробы раслін ад монакультуры: сотка або гектар засаджаны адным відам, хваробам і шкоднасным казуркам лягчэй нападаць на расліны.

 

Ідэі Хольцера сталі штуршком для стварэння сцежкі натуральных адчуванняў для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. У рамках праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуецца ПРААН, сям’я атрымала грант. Сцежка зробленая ў форме круга. Сутнасць у тым, каб дзіця на інваліднай калясцы змагло пад’ехаць да высокіх градаў, пакранаць розныя расліны, вырваць ягаду. На такіх альпійскіх схілах вышынёй два метры ўстаноўлены бярвенні, каб глеба не “з’язджала ад дажджу” і ўтрымлівала вільгаць. Тут пасаджана больш за 50 раслін і кустоў: зуброўка, амарант, меліса, мята, палын. Побач ёсць альтанка і гасцявы домік, дзе можна пераначаваць.

 

– Дзеці могуць пагутарыць з жывёламі, штосьці пасадзіць. Бацькі ў гэты час спакойна могуць выпіць травяны чай, пахадзіць па тэрыторыі. Мы не курым і не п’ём, нават на Новы год на стале няма спіртнога. Хацелі б сярод сваіх гасцей бачыць тых, хто хоча быць бліжэй да прыроды.

 

Любоў да коней Вавілавы гатовыя перадаць усім жадаючым. Звычайна пакатацца верхам прыязджаюць сем’і, у якіх дзеці з дыягназам ДЦП, аўтызм. Бываюць і дарослыя са звычайнымі дзецьмі. У бліжэйшых планах – усталяваць купал для манежа, каб прагулкі на конях не залежалі ад надвор’я. Наступны праект “Зялёная школа” для дзяцей- інвалідаў Вавілавы рыхтуюць разам з цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Гродзенскага раёна.

 

 

Да фермерскага жыцця сям’я ўжо даўно прывыкла, і ўжо не ўяўляе, што абставіны маглі быць іншымі. Праўда, хацелі б бачыць новых жыхароў, каб стварыць сваё экапаселішча.

 

– Год ад года чалавеку складаней перабрацца ў вёску – усё менш пустых дамоў. Ды і не кожны вырашаецца. Спачатку да нас ездзілі патокамі, цікавіліся, пыталі. Але толькі адна сям’я купіла дом непадалёк, але ўсё роўна жыве ў горадзе. Калі б была каманда, можна было б арганізаваць калектыўныя выпас, праводзіць разам святы. Але мы ніколі не шкадавалі аб пераездзе: заўсёды ўпэўненыя ў якасці прадуктаў, якія на стале, ды і самаадчуванне значна лепш, чым у горадзе.

 

Фота аўтара, а таксама з асабістага архіва Вавілавых