Гарадзенскія чыноўнікі і людзі з інваліднасцю стануць акторамі ў п’есе “Сем”. Прэм’ера хутка!
На першую рэпетыцыю мінскі рэжысёр Іван Пінігін прыязджаў у Гродна 21 красавіка. Пасля яе ён адзначыў, што гарадзенскія выканаўцы добра папрацавалі і ў іх выкананні п’еса павінна прагучаць пераканаўча. Каб за некалькі рэпетыцый засвоіць тое, што акторы вучаць чатыры гады, рэжысёр акцэнтаваў увагу на дакументальнасці матэр’яла: “як інтанацыйна і рытмічна правільна чытаць, на што рабіць націск”.
Самі акторы хвалююцца, бо з адказнасцю ставяцца да свайго ўдзелу ў пастаноўцы.
Таццяна Хінская распавяла, што для яе асабіста ўдзел у п’есе – практычна працяг дзейнасці. З пытаннямі супрацьдзеяння гвалту і дыскрымінацыі звязаны яе ўдзел у працоўнай групе па пытаннях гендарнай роўнасці, што створана ў аблвыканкаме. Праблема гвалту і дыскрымінацыі, з яе словаў, застаецца для Гарадзеншчыны актуальнай, і выкараніць яе цалкам пакуль не атрымаецца, бо прычыны ў “малых заробках, непаразуменнях у сем’ях ды недахопах выхавання”. Уласныя ўражанні ад п’есы Таццяна выказала шчыра і проста: “Калі прачытала пра жанчыну з Афганістана – расплакалася”.
Саша Аўдзевіч прыехаў на рэпетыцыю з Ліды. “Вырашыў, – распавядае вазочнік, – паспрабаваць даехаць “як усе”. На вакзале набыў білет і чакаў транспарт на стаянцы. Калі ж аўтобус падышоў, то вадзіцель сказаў, што не зможа дапамагчы Сашу патрапіць у салон. Дапамог знаёмы, што аказаўся побач. Сашу дзівіць стаўленне кіраўніцтва аўтавакзала да чалавека ў вазку: “Калі прадавалі білет, то бачылі – каму. Але ніхто не запытаў, ці патрэбна мне дапамога пры пасадцы”.
Тое, што ў п’есе побач з ім будуць чыноўнікі, можа дапамагчы вырашыць шэраг пытанняў, важных для людзей з інваліднасцю, лічыць Саша. “Калі праводзіш хаця б кароткі час з чалавекам, не такім як сам, то столькі “штучак” адразу робіцца зразумелымі!” Калі разам з вазочнікам пройдуць па пандусу, то на ўласным досведзе ўсвядомяць неабходнасць выдзяляць сродкі на даступнае асяроддзе. “А магчыма, – працягвае Саша, – мне прыдзецца пайсці ў прыбіральню. Тады чыноўнікі пабачаць, што я накіруюся ў жаночую. Калі пацікавяцца, то раскажу – мужчынскі ў гэтым сучасным моладзевым цэнтры для інвалідаў-вазочнікаў не прыстасаваны”.
Саша ў п’есе выконвае ролю голаса – таго, хто наскрозь злучае розныя сюжэты ў агульную дзею. І калі яго голас і галасы герояў пачуюць, то напэўна нешта ў нашым жыцці зменіцца.
Агнія Асановіч, прадстаўнічка Фонда ААН у галіне народанасельніцтва, адзначае, што праблемы дыскрымінацыі і гвалту сёння актуальныя для беларускага грамадства. Па выніках апытанняў, больш за 70% жанчын і мужчын прызнаюць, што сутыкаюцца з гвалтам – псіхалагічным, эканамічным ці сэксуальнам.
П’еса “Сем”, па словах Агніі, стала ва ўсім свеце “інструментам для змены жыцця”. Ад 2008 году гэты мастацкі твор прадставілі ўжо ў 30 краінах, каб прыцягнуць увагу ўладаў і грамадстава да неабходнасці вырашаць гэтыя пытанні. Акторамі-чытачамі становяцца палітыкі, бізнесмены, артысты і спартсмены – людзі, што могуць уплываць на дзяржаўную палітыку і карыстаюцца аўтарытэтам.
Хаця гераіні п’есы толькі жанчыны, мужчыны ва ўсім свеце таксама чытаюць іх гісторыі са сцэны. Гэта, па задумцы аўтараў, таксама крок да роўнасці. У Гродне п’есу “Сем” прачытаюць:
– Ігар Гедзіч, дырэктар драматычнага тэатра,
– Алена Валчэцкая, алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы,
– Таццяна Хінская, начальнік аднаго з упраўленняў аблвыканкама,
– Ірына Новікава, старшыня абласной арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку,
– Аляксандр Вярсоцкі, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама,
– Тамара Даўгашэй, галоўны лекар абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра,
– Юрый Аляксей, чалец Савета Рэспублікі,
– Аляксандр Аўдзевіч, старшыня Лідскай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў.
Паказ адбудзецца 28 красавака ў Моладзевым цэнтры “Гродна”, вул. Савецкая, 9. Пачатак – у 16.00.