З заходам сонца ў гродзенскай сінагозе сустрэлі Пэсах

|

Пэсах звязаны з адной з галоўных падзей біблейскай гісторыі – зыходам габрэяў з Егіпта і вызваленнем са шматгадовай няволі, а таксама нараджэннем габрэйскага народа як нацыі.

 


“Пэсах – гэта адно з самых галоўных свят у габрэйскага народа. Гэты дзень нагадвае пра тое, як габрэі прынялі на сябе абавязацельствы жыць па запаветах, якім ім завяшчаў Гасподзь”, – распавёў старшыня гарадзенскай іўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.

 

 

Па старажытным іўдзейскім летазлічэнні свята Пэсах адзначаецца з 14 па 21 дзень месяца нісана. У 2016 годзе гэта 22-30 красавіка. Самыя важныя падзеі свята прыпадаюць на вечар першага дня. Самая важная частка свята – першы седер (у перакладзе з іўрыту – рытуал). Чытанне велікоднай Агады ў першы седер – абавязковая частка свята. Кожнае дзеянне мае глыбокі сэнс і вельмі старажытныя карані. Усе рытуалы дайшлі да нашых дзён амаль без змен.

 

 

У Ізраіле ва ўсе дні Пэсаха праца забароненая альбо цалкам, альбо часткова. У Гродне не ўсе габрэі могуць дазволіць сабе вялікія канікулы, таму гарадзенцы ў асноўным заканчваюць свята з надыходам працоўнага тыдня.

 


 

Фота: Ян Лялевіч