Мімімішная гісторыя. Гарадзенскія ратавальнікі прыйшлі на дапамогу качаняткам
Гарадзенцы, якія гулялі ў парку, звярнулі ўвагу на цiкавую качку з незвычайнай афарбоўкай. Аказалася, што ў Гараднічанцы плавала са сваім вывадкам рэдкая качка – вялікі савук (Mergus merganser). Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусi.
Але ў пэўны момант адно качаня пачало адплываць ад маці. Сведка гісторыі Дзмітрый са сваёй сям’ёй акурат шпацыраваў па парку і назіраў за качкамі:
“Нашу ўвагу прыцягнула прыгожая качка, асабліва яе дзеткі. Я быў з жонкай і дзіцём: тыя спачатку замілоўваліся, а потым сталі хвалявацца”.
Качка не прасачыла за сваім вывадкам і аднаго з качанят знесла плынню ракі. Мама стала трывожна кракаць, а рэчка сканчалася і далей ішла ў трубу пад дарогай.
“Качка скача за малым і, натуральна, усе астатнія качаняты неадкладна плывуць за ёй. Маці спрабуе пасадзіць іх на спіну. Атрымліваецца пасадзіць максімум пяць і выскачыць з імі на бераг. Але стратэгія загадзя асуджаная на правал – трэба было вяртацца за астатнімі, а качаняты скачуць за ёй. Яна стала бегаць туды-сюды, саскокваць- заскокваць, і трывожна кракаць”.
Дзмітрый ужо збіраўся сам дапамагчы качцы, але акурат тады нехта са сведкаў выклікаў выратавальнікаў.
“Калі я падышоў, качанят зацягнула праз краты пад мост, а качка рушыла ўслед за імі. Яе было бачна, яна прызыўна кракала, а вось качанят мы ўжо не бачылі. Праз нейкі час качка пралезла скрозь краты назад і паляцела, але часам вярталася – відавочна, шукала качанят па ваколіцах”.
Праз лічаныя хвіліны прыехалі ратавальнікі і спусціліся ў ваду, каб знайсці качанят. Супрацоўнікі свяцілі ліхтарыкам за краты, куды сплылі качаняты, але зрываць замок на кратах не адважыліся. Яны паехалі на другі бок плошчы Леніна, на вуліцы Віленскую, дзе Гараднічанка выходзіць з-пад зямлі. Там яны пабачылі качку з адным качанём. Два хлопцы з МНС адправіліся ў трубу і праз нейкі час вярнуліся з трыма качанятамі.
Усіх качанят выратавальнікі знайсці не змаглі. Супрацоўнікі МНС колькі было магчыма прайшлі па трубе, але гукаў малых ужо не чулі. Ужо пасля выратавальнай аперацыі гарадзенцы заўважылі яшчэ адно зніклае качаня. Яно самастойна выбралася з трубы.
Фота: Дзмітрый Кірыенка