Тасуй калоду, лупі ваўкалака. У Гродне прэзентавалі беларускую настольную гульню “Мракоборцы”
“Мракоборцы” ці “Цемраборцы” – стратэгічная картачная дуэльная гульня. Персанажы – цёмныя магі, людзі і дзеці лесу. Гульня разлічана на дзвюх чалавек, але можна гуляць у яе і ўтрох. “Мракоборцы” пабудаваны на агульнаславянскім фалклоры і спадабаецца тым, што любіць беларускія народныя казкі, легенды і гісторыю. Гуляць у яе могуць і навічкі, купіць можна ў інтэрнэт-крамах і мінскіх кнігарнях.
Гульню пачалі ствараць яшчэ ў 2006 годзе, а выпусцілі летась – у 2015. Ілля Бутаў выдаў яшчэ ўводную кнігу “Мракоборец”, заснаваную на ідэі гульні. У наступным годзе могуць выйсці чатыры кнігі Яўгеніі Ліс, дзеянні якіх адбываюцца ў гэтым жа Сусвеце, але паказваюць альтэрнатыўны погляд на яго. У “Мракоборце” галоўны герой – манах-вандроўнік, а ў новых кнігах – паляўнічая на нежыць.
Ілля кажа, што гульня падобна на “Magic the gathering” і “Берсерк”.
– Поспех гульні – гэта пытанне механікі, балансу і камбінацыі, – кажа Павел Верабей з антыкафэ “Портал”.
Ёсць параметры, па якіх можна ацэньваць настольную гульню. Першы – збалансаванасць – наколькі роўныя ва ўсіх гульцоў шансы на перамогу. Другі – наколькі цікава кожны раз гуляць у гульню. Трэці – уваход у гульню – наколькі проста навічку першы раз гуляць у яе. Іван і Мікола, якія тэсціравалі гульню, згадзіліся, што яна дастаткова збалансавана па ўсіх параметрах.
З выпускам гульняў у Беларусі могуць узнікнуць праблемы. Першая – у нашай краіне няма спецыялізаваных выдавецтваў, арыентаваных менавіта на выпуск гульняў. Таму гульню друкавалі ў расійскім выдаведстве “Сквірл”. Грошы Ілля сабраў на беларускай краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by і дадаў сваіх, каб павялічыць наклад і зрабіць кошт максімальна танным. Другая праблема – адсутнасць інфраструктуры. Мала месцаў, акрамя інтэрнэт-крамаў, дзе гульні можна распаўсюджваць.
Стваральнік гульні Ілля Бутаў
У планах – развіццё гульні: выпуск пашыранага выдання з гульнявым полем і большай колькасцю карт, з якіх можна самастойна фармаваць калоду, ды стварэнне серыі кніг. Іван і Павел з “Парталу” згадзіліся, што развіваць гульню, ствараючы новыя сусветы, расы і выдаючы кнігі – перспектыўная справа. Часта гульню набываць толькі з-за таго, што яна мае адносіны да пашыраннага Сусвету, які падабаецца.