Ці былі ў Гродне падземныя хады і чаму не: Ігар Лапеха правёў экскурсію і развеяў гарадскія легенды

|

Дзвюхгадзінная экскурсія прайшла на назіральнай кропцы на вуліцы Дарвіна, з якой бачная выдатная панарама старога Гродна.

 

Для пачатку Ігар Лапеха прапанаваў гараджанам самім расказаць, пра якія падземныя хады яны чулі. Экскурсавод паабяцаў даказаць, што ў Гродне падземных хадоў няма. З натоўпу прагучала шмат самых розных гісторый, у якіх людзі былі ўпэўненыя: як са Старога ў Новы замак хадзілі, як хады з Фарнага касцёла вялі пад плошчу Савецкую і, галоўнае, як хадзілі гарадзенцы пад Нёманам.

 

 

 

Пад Савецкай хадоў няма, ёсць падвалы


“Самыя папулярныя чуткі пра падземныя хады – гісторыі пра падземную Савецкую плошчу. Быццам вязьні з гарадзенскай турмы пад плошчай працуюць над сакрэтнай ваеннай прадукцыяй. З упэўненасцю магу сказаць, што ніякіх працягаў турмы пад зямлёй няма. Турма заканчваецца на тэрыторыi абнесенай сценамі. Чаму такія чуткі пра хады існуюць? Усё проста – у турме ёсць глыбокія двухпавярховыя падвалы, але гэта не хады”, – кажа Iгар.

 

На думку краязнаўцы, усе манастыры, замкі і старыя дамы маюць падвалы, але ніяк не падземныя хады, якія маглі б звязаць увесь горад.

 


“Тое, на што натыкаюцца ў цэнтры будаўнікі і называюць хадамі, гэта падвалы. Возьмем, напрыклад? Савецкую плошчу, там усё нашпігавана, іх вельмі шмат, бо там была ратуша, палац Радзівілаў і гандлёвыя кропкі. У многіх гандляроў былі свае склады пад зямлёй. Пасля апошняй вайны плошчу зачысцілі, а потым часта адбываліся правалы даўніх падвалаў”, – кажа Ігар. Ён упэўнены, што ад крамы Баторыя да аптэкі, якая знаходзіцца ля дому тэкстыльшчыкаў, можна прайсці па ніжніх падвалах палаца Радзівілаў.


У 2006 годзе, напярэдадні рэканструкцыі Савецкай плошчы, улады абяцалі музеефікаваць сутарэнні палаца, але гэтага не адбылося. Будаўнікі закаталі ўсе бетоннай пліткай.

 

Калі б быў ход пад Нёманам, замак ніколі б не капітуляваў


“Магу даказаць, што ніякіх падземных хадоў у Старым замку няма, – упэўнена кажа Ігар Лапеха. – Гарадзенская крэпасць адарваная ад зямельнага масіва. І ў Старым замку няма пітной вады, гэта асноўная праблема, якую трэба было вырашаць. Праходзіла шэсць дзён і замак здаваўся непрыяцелю. Калі б былі хады, хутчэй за ўсё, ваду і правіянт дастаўлялі б такім чынам ць і тады б замак не капітуляваў”.

 

У доказ сваёй гіпотэзы гісторык прывёў прыклад з канца XIV стагоддзя. У тым месцы, дзе цяпер стаіць Францiшканскi касцёл, Вітаўт Вялікі ў свой час даў дазвол пасяліцца крыжакам, якія пабудавалі на другім баку Нёмана драўляны замак.


“Паміж нямецкім замкам і Старым праз Нёман правялі спецыяльную канатную дарогу, якая правісала над крыніцамi вады на левым беразе. Паводле летапісаў, Ягайла ў час набегу знішчыў гэты канат і прымусіў замак капітуляваць. Здаліся гарадзенцы з-за таго, што ў замку не было вады. Калі б быў падземны ход, то вада ў замаку была б абавязкова”.


Лапеха лічыць, што ходу пад Нёманам не магло быць, бо ў сярэднявеччы ў горадзе не хапала ні фінансаў, ні адмысловых майстроў і інжынераў.

 

 

Многія падземныя хады, якія існуюць сёння ў еўрапейскіх гарадах, былі пракладзены пераважна ў вопняковых адкладаннях, крэйдзе. Вада ў тыя хады амаль не трапляла. У Гродне ж сітуацыя іншая.


“10 тысяч гадоў таму на нашы землі прыйшоў ледавік, ён перамяшаў усю зямлі і крэйдавыя адкладанні змяшаліся з іншымі. Каб зрабіць які-небудзь ход, гарадзенцам трэба было вельмi пастарацца”.


Хады былі, але не зусім падземныя

 

Пэўныя хады ў горадзе ўсё ж былі, але сёння іх даследаваць вельмі складана. Першы знаходзіўся на тэрыторыі Бернардынскага касцёла: перад храмам быў домік, які насамрэч быў уваходам у касцёл.


“Ход застаўся, на яго натыкаліся ў савецкі час. Ён і сёння вядомы многім гісторыкам”, – кажа Ігар.

 

Другі ход знаходзіўся недалёка ад цяперашняга манастыра Раства Багародзіцы і праз яго можна было патрапіць у сярэднявечны горад.


“Хаця, яго цяжка назваць падземным ходам. Гэта месца і цяпер прагледжваецца, яно знаходзіцца паміж двума савецкімі дамамі па вуліцы Давыда Гарадзенскага”.

 

Яшчэ адно месца, якое на думку Ігара Лапехi можна назваць падземным ходам, знаходзілася з боку Гараднічанкі, каля сінагогі. Гэта таксама быў праход у сярэднявечны горад.


“Усе гэтыя тры хады добра праглядаюцца ў Гродне. Яны цяпер засыпаныя. Але назваць іх сапраўднымі падземнымі хадамі ўсё ж нельга, бо гэта былі заходы на верхняе плато горада ці падземныя кантраляваныя ўчасткі. Усё адкопвалі адкрыта, бо хады рабіліся для людзей”.

 

У канцы экскурсіі Ігар Лапеха паўтарыў, што існаванне сапраўдных падземных хадоў у Гродне пад вялікім пытаннем. Пакуль што ён глядзіць на гэта крытычна.