У Гродне на Чарнобыльскім мітынгу чыноўнікі і ліквідатары хвалілі БелАЭС

|

Ні адна падзея пасля Другой сусветнай вайны не закранула столькі людзей у Еўропе, як выбух чацвёртага рэактара на Чарнобыльскай АЭС. Пасля аварыі на забруджанай тэрыторыі Беларусі жыло 2,2 млн чалавек, знаходзілася каля 3700 населеных пунктаў, з якіх 479 адсялілі. У Гродзенскую вобласць пераехала каля 4700 сем’яў – больш за 16 000 чалавек. Больш за ўсё сем’яў пераехала ў Гродна, Смаргонь, Ліду ды ваколіцы гэтых гарадоў.

 

 

Намеснік старшыні гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковiч на мітынгу сказаў, што беларусы атрымалі ўрок з ЧАЭС і старанна працуюць над будаўніцтвам новай станцыі.

 

Сёння, праз 30 гадоў пасля аварыі, мы атрымалі той вопыт страшных падзей. У ліквідацыі аварыі прымала ўдзел больш за 3500 гродзенцаў. Таксама мы годна прынялі перасялнцаў з Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Тэма ЧАЭС і сёння актуальная, бо ў нас будуецца новая АЭС. Многія спрабуюць перашкодзіць будаўніцтву, спекулюючы наступствамі 1986 года. Але трэба сказаць, што сёння наша станцыя будуецца пад кантролем МАГАТЭ, выконваюцца ўсе нормы і стандарты. Мы перакананыя, што будаўніцтва беларускай АЭС не толькі падыме якасць жыцця нашых грамадзян, але і пакажа, што беларусы вельмі старанна ставяцца да будаўніцтва і развіццю сваёй краіны”, – сказаў чыноўнік.

 

 

Варта адзначыць, што ў Гродзенскай вобласці пасля аварыі на ЧАЭС да зоны пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем (ад 1 да 5 Кі/км2) аднесены 84 населеных пункта ў Дзятлаўскім, Іўеўскім і Навагрудскім раёнах з насельніцтвам 16869 чалавек, з іх 3287 дзяцей.

 

 

На мітынгу прысутнічаў i ўдзельнік ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, маёр, камандзір верталётнага звяна Віталь Лупа. Чалавек, які прайшоў вайну ў Афганістане і ліквідацыю аварыі на ЧАЭС, перакананы, што Беларусі патрэбна свая атамная станцыя.


“Я лічу, што атамнай станцыі ў Беларусі быць – гэта гарантыя нашай бяспекі, чэснае слова. Аварыя, якая здарылася ў 1986 годзе, яна адбылася з-за безадказнасці аднаго чалавека. Тое што ў нас цяпер будуюць, павінна ісці па ўсіх стандартах, і павінны там працаваць высокія прафесіяналы, якія не дапусцяць памылак сваіх папярэднікаў.


Рэактара ​​не трэба баяцца, гэта будучыня наша. Я не баюся казаць праўду, бо я шмат чаго прайшоў. Пасля ліквідацыі аварыі на ЧАЭС мяне звольнілі з Узброеных сілаў. Я нацярпеўся, дамагаўся таго, каб мне плацілі пенсію, як ліквідатару. Але праз 30 гадоў я выступаю за будаўніцтва АЭС. Чым прафесійней людзі будуць там працаваць, тым бяспечней будзе наша краіна”.