Батанічны сад Наталлі Канюк папоўніўся рэдкімі дрэвамі. Каб іх захаваць усталююць камеры
“Батанічны сад – вялікі падарунак для горада. Дзякуючы дарыцелям, якія бясплатна перадаюць у наш сад каштоўныя расліны, у нас у будучыні атрымаецца адрадзіць некалі велічны i ўнікальны праект”, – кажа Наталля.
Некалькі гадоў таму жанчыне ўдалося звязацца з Акадэміяй навук Украіны, якая дапамагла знайсці агульную мову з украінскім інстытутам імя Халоднага, дзе захоўваецца гербарная калекцыя Жылібера.
“У мяне атрымалася займець асобнік кнігі, дзе пералічаны ўсе гербарныя расліны, якія былі ў калекцыі вядомага батаніка. Але паколькі мы не маем магчымасці вырошчваць кветкі ў парку, абмяжоўваемся хмызнякамі і дрэвамі”, – кажа Наталля. Першыя пасадкі ў парку яна зрабіла ў 2011 годзе, але ўжо тады тут былі рэдкiя пароды елі, бярозы, клёна і вярбы. Гэтыя дрэвы сталі базай, ад якой адштурхоўвалася Наталля.
За пяць гадоў жанчына здолела высадзіць шмат рэдкіх дрэў. Пасадку ў 2016-м Наталля пачала з бэзу, кедру і чырвонага дубу ды шэрагу іншых дрэў.
Каб праз дзясяткі гадоў у садзе былі сотні раслін, як было ў Жылiбера, гараджане павінны адпаведна ставіцца да пасадкі. “Людзі не павінны заходзіць на тэрыторыю саду, і асабліва нельга там усталёўваць лавачкі, бо гэта запаведная зона. Таксама людзі павінны зразумець, што красці пасаджаныя дрэвы і хмызнякі нельга, бо гэта ўсё робіцца самімі ж гарадзенцамі”.
Гарадзенка адраджае батанічны сад Жылібера, але яму пагражаюць надвор’е і самі гараджане
Некалькі гадоў таму з саду скралі ўнікальныя каштаны, а летась выкапалі дрэвападобны півон. Каб падобныя сітуацыі не паўтараліся, у парку ўсталююць 18 відэакамер.
Нядаўна ля ўваходу ў парк з’явілася шыльда з кароткай гісторыяй стварэння батанічнага саду ды інфармацыя пра яго адраджэнне
“У кожнага дрэва свой тэрмін жыцця. Немагчыма дакладна сказаць, колькі яны пражывуць. Шмат залежыць ад дагляду, ад надвор’я. Напрыклад, цюльпаннае дрэва заквітнее толькі праз 40-60 гадоў, а кедры растуць больш за тысячу гадоў. Яны першыя 30 гадоў растуць павольна, а потым імкліва выцягваюцца ўверх. Як будзе развівацца наш сад, будзе залежаць ад навакольнага асяроддзя i саміх гараджан”.