Стратных прадпрыемстваў у Гродне стала менш, зарплата перавысіла 7 млн: вынікі першага квартала 2016 года
Стратных прадпрыемстваў стала менш, але з экспартам яны недапрацоўваюць
У параўнанні з мінулым годам, за першы квартал 2016 года ўладам удалося трохі змяніць сітуацыю стратных прадпрыемстваў горада. У лютым іх было ў Гродне 87, а ў красавіку – 76. У гарвыканкаме далей лічаць, што праблему трэба тэрмінова вырашаць.
Па стане на красавік 2016 года найбольш стратныя прадпрыемствы горада гэта: КБМ, Кансервавы завод, Гроднаторгмаш і Завод сантэхнарыхтовак. Таксама ў спіс стратных увайшлі Гродна-Азот, Гроднааблгаз, Гроднаэнерга і Бiаком.
На справаздачным пасяджэнні адзначылі, што ў Гродне недапрацавана пытанне экспарту, як у дзяржаўных, так і ў прыватных арганізацый. Станоўчым прыкладам назвалі мяса-малочную перапрацоўчую прамысловасць – “Молочный мир” і “Гродзенскі мясакамбінат” – дзе з экспартам праблем няма.
Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой адзначыў, што трэба шукаць новыя напрамкі, прадаваць не толькі ў Расію, але і выходзіць на новыя рынкі збыту. “Мы падымаем тэму экспарту паслуг: гэта перш за ўсё праца нашых будаўнікоў, бо аб’екты трэба будаваць не толькі ў горадзе, але шукаць варыянты за межамі краіны. Такі добры досвед ёсць у “Гроднажылбуд”. Таксама мы чакаем, што Парк высокіх тэхналогій, які адкрыецца ў чэрвені 2016 года, у будучыні дасць высокі экспарт паслуг”.
З’явіліся новыя працоўныя месцы, зарплата вырасла
На пасяджэнні ўздымалі таксама пытанне стварэння ў Гродне новых працоўных месцаў. Тое, што планавалі гарадскія ўлады за першы квартал, была выканана паспяхова: планавалася стварыць 288 новых працоўных месцаў, было створана 307.
Не абмінулі тэму зарплаты ў рэгіёне. Сярэдняя зарпалата ў Гродне за першы квартал 2016 года перайшла рубеж у 7 млн рублёў. Гэта самы высокі паказчык пасля сярод абласных цэнтраў пасля Мінска.
“Паказчык нядрэнны, але ў перакладзе ў валютны эквівалент мы не дацягваем. Гэтага недастаткова”, – сказаў Мечыслаў Гой.